Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 65 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 65

Пс 65

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў.

2 Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні.

3 Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца.

4 Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя.

5 Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем Дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй.

6 Страшнымі [ўчынкамі] ў праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора,

7 Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю,

8 Які суцішае шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу.

9 І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш.

10 Ты наведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе.

11 Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш.

12 Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць,

13 разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю,

14 апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць.