Дз 21 І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам. 2 І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. 3 І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх. 4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць. 5 Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам. 6 А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай. 7 Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы? 8 І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? 9 Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі, 10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты, 11 Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?» 12 Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?» 13 А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна. 14 Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае, 15 бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня. 16 Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля: 17 “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны. 18 І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць. 19 І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым. 20 Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны. 21 І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”. 22 Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце, 23 Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі. 24 Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю. 25 Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся. 26 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі, 27 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне. 28 Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”. 29 Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня. 30 А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным, 31 прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне. 32 Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага. 33 Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце. 34 Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне, 35 пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”. 36 Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі». 37 Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?» 38 Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа. 39 Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш». 40 І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага». 41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ. 42 І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах. 43 Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў. 44 А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае. 45 І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу. 46 І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца, 47 хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя. |