Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДЗЕІ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Дз 3

1 Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.

2 І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,

3 убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.

4 А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».

5 Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.

6 А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,

8 і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.

9 І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.

10 І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.

11 А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.

12 Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?

13 Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.

14 Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,

15 а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.

16 І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.

17 І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,

18 а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.

19 Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,

20 каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,

21 і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.

22 Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.

23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.

24 І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.

25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.

26 Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».

Сачыце за намі:



Аб'явы