Гебр 71 Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго, 2 і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён — валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою, 3 бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, які ня мае ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды. 4 Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы. 5 Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама. 6 А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні. 7 Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым. 8 І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там — той, пра якога сьведчыцца, што жыве. 9 І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны, 10 бо ён быў яшчэ ў паясьніцы бацькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк. 11 Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ [была б] патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, і не паводле парадку Аарона называцца? 12 Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону. 13 Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка. 14 Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства. 15 І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар, 16 Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця. 17 Бо засьведчыў [Бог]: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка». 18 Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць, 19 бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога. 20 І як усё [гэта было] не без прысягі, 21 бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: «Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка», 22 нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус. 23 І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца, 24 а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, мае сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго], 25 таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх. 26 Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы, 27 Які ня мае патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе. 28 Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі. |