Іс 251 ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя. 2 Ты ператварыў горад у купу [друзу], горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі. 3 Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе. 4 Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны. 5 Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку [спыняе] цень хмары, Ты спыніў песьню моцных. 6 І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну [са страваў] тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі. 7 І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах. 8 Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў [гэта]. 9 І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!» 10 Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной. 11 І выцягне ён пасярод [сябе] рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і [Госпад] упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных. 12 І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл. |