Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 26 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 26

1 У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў.

2 Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.

3 Таго, чые думкі скіраваныя [на Цябе], Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца.

4 Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная.

5 Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно.

6 Топча яго нага, [топчуць] ногі ўбогага, стопы бедных.

7 Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі.

8 І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа.

9 Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае [адбываюцца] на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету.

10 Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА.

11 ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.

12 ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас.

13 ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем.

14 Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх.

15 Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.

16 ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая [была] на нас.

17 Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ!

18 Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, [нічога] не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.

19 Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.

20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.

21 Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, [кожнага] з іх. І зямля адкрые кроў, [пралітую] на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.

Сачыце за намі:



Аб'явы