ЯНА 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А Ісус пайшоў на Аліўную гару. 2 А на світанні вярнуўся зноў у святыню, і ўвесь народ падышоў да Яго, і, сеўшы, Ён навучаў іх. 3 Тут прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, схопленую на чужаложстве, і паставілі яе на сярэдзіне 4 ды кажуць Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну схапілі [толькі што] на чужаложстве. 5 Майсей у законе загадаў нам такіх каменаваць. Дык Ты што скажаш?» 6 Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб мець магчымасць абвінаваціць Яго. А Ісус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі. 7 Калі, аднак, не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». 8 І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі. 9 Яны ж, пачуўшы гэта, дакараныя ў сумленні, адзін за адным выходзілі, пачынаючы ад старэйшых да апошніх, ды застаўся толькі Ён адзін і жанчына, стоячы на сярэдзіне. 10 Падняўшыся і нікога не ўбачыўшы, акрамя жанчыны, Ісус сказаў ёй: «Жанчына, дзе ж твае абвінаваўцы? Ніхто цябе не асудзіў?» 11 Адказала яна: «Ніхто, Госпадзе». Дык Ісус сказаў ёй: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы». 12 Затым зноў пачаў прамаўляць да іх Ісус, кажучы: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». 13 Дык сказалі Яму фарысеі: «Ты Сам аб Сабе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае». 14 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі нават Я сведчу пра Сябе, праўдзівае сведчанне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль прыходжу і куды іду. 15 Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога. 16 А калі Я суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў. 17 Дый у законе вашым напісана, што сведчанне двух людзей праўдзівае. 18 Я Той, Хто Сам аб Сабе сведчыць, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які Мяне паслаў». 19 Дык сказалі Яму: «А дзе ж Твой Айцец?» Адказаў Ісус: «Вы ані Мяне не ведаеце, ані Айца Майго; бо калі б вы Мяне ведалі, ведалі б і Айца Майго». 20 Гэтыя словы выказаў Ісус, навучаючы ў святыні пры скарбонцы; і ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надышла гадзіна Яго. 21 І зноў сказаў Ісус ім: «Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памраце ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсці не можаце». 22 Дык казалі юдэі: «Няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?» 23 І Ён адказаў ім: «Вы – ад нізу, а Я – з вышыні; вы – з гэтага свету, а Я – не з гэтага свету. 24 Вось чаму Я вам сказаў, што памраце ў вашых грахах; бо, калі не паверыце, што Я ёсць, – памраце ў грахах вашых». 25 Дык казалі Яму: «Хто Ты?» Сказаў ім Ісус: «Той, Хто ад пачатку, менавіта так вам і гавару. 26 Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць; але Той, Хто Мяне паслаў, праўдзівы, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю свету». 27 Аднак не зразумелі, што гаварыў Ён ім пра Айца. 28 Сказаў ім тады Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое абвяшчаю, чаму Мяне навучыў Айцец. 29 Той, Хто Мяне паслаў, ёсць са Мной; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю заўсёды тое, што Яму падабаецца». 30 Калі Ён гэта казаў, многія паверылі ў Яго. 31 Казаў затым Ісус да тых юдэяў, якія ў Яго паверылі: «Калі вы вытрываеце ў слове Маім, станецеся сапраўды Маімі вучнямі 32 і пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць». 33 Адказалі Яму: «Мы – нашчадкі Абрагама, і мы ніколі нікому не служылі. Як жа Ты кажаш: “Будзеце свабодныя”?» 34 Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік граху. 35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна; Сын жа жыве вечна. 36 Таму, калі Сын вас вызваліць, сапраўды свабоднымі будзеце. 37 Ведаю, што вы – нашчадкі Абрагама; але імкняцеся Мяне забіць, таму што слова Маё не дасягае вас. 38 Я абвяшчаю тое, што Я бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што вы чулі ад айца вашага». 39 Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі сыны Абрагама, рабілі б справы Абрагама. 40 А вы імкнецеся цяпер Мяне забіць, Чалавека, Які вам абвяшчаў праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам не рабіў! 41 Але вы робіце справы бацькі вашага». Сказалі тады Яму: «Мы – не народжаныя ў чужаложстве: аднаго маем Айца – Бога». 42 Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне; бо Я ад Бога выйшаў і іду, і не Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў. 43 Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы не здольны слухаць словы Мае. 44 Вы ёсць ад бацькі вашага – д’ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён – хлус і бацька сваёй хлусні. 45 А як Я праўду кажу, не верыце Мне. 46 Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне не верыце? 47 Хто ад Бога, той словы Божыя слухае; а вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога». 48 Адказалі юдэі і сказалі Яму: «Ці ж не добра мы кажам, што Ты – самарыцянін і дэмана маеш?» 49 Адказаў Ісус: «Я дэмана не маю, але шаную Айца Майго, а вы Мяне зневажаеце. 50 Я не шукаю Сваёй славы; але ёсць Той, Хто шукае і судзіць. 51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто зберажэ слова Маё, не ўбачыць смерці вечна». 52 Дык юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто зберажэ слова Маё, не пакаштуе смерці вечна”. 53 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. Кім Ты Сам Сябе робіш?» 54 Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, слава Мая – нішто; ёсць Айцец Мой, Які Мяне славіць, і аб Якім вы кажаце: “Ён – Бог наш!”, 55 але вы не зразумелі Яго. Ды Я Яго ведаю. І, калі б сказаў: “Не ведаю Яго”, быў бы падобным вам хлусам; але ведаю Я Яго і слова Яго захоўваю. 56 Абрагам, бацька ваш, рад быў убачыць дзень Мой, і ўбачыў, і ўсцешыўся». 57 Сказалі Яму юдэі: «Пяцьдзясят гадоў яшчэ не маеш і бачыў Абрагама?» 58 Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсць». 59 Дык юдэі схапілі камяні, каб кідаць у Яго, але Ісус скрыўся і выйшаў са святыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)