ЯНА 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае. 2 І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя. 3 Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі. 4 І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі. 5 Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?» 6 А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць яго, бо Сам ведаў, што меў зрабіць. 7 Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху». 8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры: 9 «Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?» 10 Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч. 11 Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў вучням, вучні ж – узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў. 12 А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». 13 Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі. 14 Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ісус знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў свет». 15 А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў ізноў Сам адзін на гару. 16 А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора 17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх. 18 А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер. 19 Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся. 20 Але Ён кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся». 21 І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі. 22 Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна тая, у якую ўвайшлі вучні Яго, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі; 23 іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку. 24 Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса. 25 І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?» 26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся. 27 Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая застаецца ў жыццё вечнага, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог». 28 Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?» 29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў». 30 Тады сказалі Яму: «Дык што за знак Ты учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты зробіш? 31 Бацькі нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім”». 32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. 33 Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету». 34 Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба». 35 Сказаў ім Ісус: «Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне. 36 Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце. 37 Усе, каго дае Мне Айцец, да Мяне прыйдуць, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч. 38 Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў. 39 А воля Айца, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нікога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў яго ў апошні дзень. 40 Гэта воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень». 41 Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я – хлеб, які сышоў з неба», 42 ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Я сышоў з неба”»? 43 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго. 44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень. 45 Напісана ў прарокаў: “Будуць усе навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. 46 І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён бачыў Айца. 47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае. 48 Я – хлеб жыцця. 49 Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі. 50 А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб, калі хто з вас есці будзе, не памёр. 51 Я – хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць Цела Маё якое Я аддам за жыццё свету». 52 Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?» 53 Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх. 54 Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень. 55 Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво. 56 Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім. 57 Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною. 58 Гэты хлеб, які з неба сышоў, не так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна». 59 Гэта Ён сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме. 60 Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?» 61 А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць? 62 А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў? 63 Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё. 64 Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць. 65 І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім». 66 Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі. 67 І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся адысці ад Мяне?» 68 Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага; 69 мы ж уверылі і спазналі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога». 70 Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал». 71 А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)