ЯНА 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А ў першы дзень тыдня на досвітку, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы. 2 Дык пабегла і прыйшла да Сімона Пётры і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і не ведаем, дзе Яго паклалі!» 3 Дык выйшлі тады Пётра і той другі вучань ды прайшлі да магілы. 4 І беглі яны абодва разам, але той другі вучань апярэдзіў Пётру і першы дабег да магілы, 5 і, нахіліўшыся, убачыў пакладзеныя пялёны, аднак не ўвайшоў. 6 Прыйшоў затым следам і Сімон Пётра, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў пакладзеныя пялёны 7 і хусту, якая была на Яго галаве, і ляжала не разам з пялёнамі, але асобна скручаная на адным месцы. 8 Тады ўвайшоў туды і той вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў. 9 Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было, каб Ён уваскрос з мёртвых. 10 Тады вучні зноў вярнуліся да сябе. 11 А Марыя стаяла звонку ад магілы, плачучы. Калі ж яна галасіла, то нахілілася да магілы 12 і ўбачыла двух анёлаў у белым, што сядзелі, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было пакладзена цела Ісуса. 13 І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго плачаш?» Кажа ім: «Узялі Госпада майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго» 14 Як сказала гэта, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, а не ведала, што гэта Ісус. 15 Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?» А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я вазьму Яго». 16 Кажа ёй Ісус: «Марыя!» А яна, павярнуўшыся, кажа Яму: «Рабоні!», што значыць «Настаўнік». 17 Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага». 18 Дык пайшла Марыя Магдалена, каб абвясціць вучням: «Я бачыла Госпада!» і што Ён ёй гэта сказаў. 19 Калі ж настаў вечар таго першага дня тыдня і там, дзе былі вучні сабраныя, дзверы былі замкнёныя дзеля страху перад юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!» 20 І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада. 21 Тады Ісус сказаў ім зноў: «Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас». 22 І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Вазьміце Духа Святога. 23 Каму б ні даравалі вы грахі, тым яны дараваны; каму б ні затрымалі, [на тым] яны затрымаліся». 24 А Тамаш, адзін з дванаццаці, званы Блізнюк, не быў разам з імі, калі прыйшоў Ісус. 25 Казалі яму іншыя вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу ран ад цвікоў на руках Яго, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў бок Яго, не ўверу». 26 І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнёны, і стаў пасярод іх, і сказаў: «Супакой вам». 27 Потым сказаў Тамашу: «Укладзі палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды не будзь бязверным, але верным». 28 Адказаў Тамаш і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!» 29 Кажа яму Ісус: «Тамаш, ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі». 30 Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Ісус у прысутнасці вучняў Сваіх, якія не запісаны ў гэтай кнізе; 31 гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, ды каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)