ЯНА 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хай не трывожыцца сэрца ваша. Верце ў Бога і ў Мяне верце. 2 У доме Айца Майго жытла многа; а калі б не, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца. 3 І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я. 4 І куды Я іду, вы ведаеце, і дарогу ведаеце». 5 Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?» 6 Кажа яму Ісус: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне. 7 Калі б вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама б ведалі; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго». 8 Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам». 9 Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: “Пакажы нам Айца”? 10 Не верыш, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае. 11 Верце Мне, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце Мне. 12 Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца Майго. 13 І пра што толькі прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне; 14 калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю. 15 Калі Мяне любіце, захоўвайце прыказанні Мае; 16 і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек, 17 Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае Яго. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе. 18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. 19 Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву і вы жыць будзеце. 20 Вось, у той дзень пазнаеце, што Я – у Айцу Маім, і вы – ува Мне, і Я – у вас. 21 Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх, – гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога». 22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты маеш аб’явіцца нам, а не свету?» 23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго; 24 хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца. 25 Гэта вам сказаў, між вамі знаходзячыся. 26 А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў. 27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца ваша, і няхай не ведае страху. 28 Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне. 29 І цяпер сказаў Я вам, перш чым сталася тое, каб, калі станецца, паверылі. 30 Шмат ужо не буду вам гаварыць, бо ідзе князь гэтага свету; і ён не мае нічога ўва Мне, 31 але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)