ЯНА 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў. 2 І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Юды Сімонава Іскарыёта, каб выдаў Яго, 3 Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, 4 падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся. 5 Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны. 6 Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?» 7 І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш». 8 Кажа Яму Пётра: «Увек не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной». 9 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву». 10 Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе». 11 Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя». 12 Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў? 13 Вы клічаце Мяне: “Настаўнік” і “Госпад”, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. 14 Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашы ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі. 15 Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі. 16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: паслугач не большы за гаспадара свайго, і пасланец не большы за таго, хто яго паслаў. 17 Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць. 18 Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: “Нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне”. 19 Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць. 20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне». 21 Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і засведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». 22 Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў. 23 А адзін з вучняў Яго, той, якога Ісус любіў, узлягаў ля грудзей Ісусавых. 24 Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа». 25 І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?» 26 Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаву Іскарыёту. 27 І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй». 28 І з узлягаючых ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў. 29 Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім. 30 Той, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч. 31 І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім; 32 калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве. 33 Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу. 34 Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі. 35 Па тым пазнаюць усе, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго». 36 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною». 37 Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе». 38 Адказвае яму Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)