ЯКАВА 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Адкуль узнікаюць войны ды адкуль сваркі між вамі? Не адкуль інакш, як з пажадлівасці вашай, што бунтуецца ў членах вашых. 2 Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце здабыць; сварыцеся ды ваюеце. Не маеце, бо не ўпрошваеце, 3 просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце, каб толькі задаволіць сваю пажадлівасць. 4 Чужаложнікі, ці вы не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам ёсць варожасць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага веку, той робіцца ворагам Бога. 5 Можа ўважаеце, што дарма Пісанне кажа: «Да зайздрасці любіць Дух, Якога пасяліў у нас»? 6 Дык большую дае ласку паводле таго, як кажа: «Бог супрацівіцца пыхлівым, а пакорлівым ласку дае». 7 Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. 8 Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Абмыйце рукі, грэшнікі, ачысціце сэрцы, двудушнікі. 9 Смуткуйце, жальцеся і плачце: хай смех ваш абернецца ў жалобу, а радасць – у тугу. 10 Спакарыцеся перад абліччам Госпада, і Ён падыме вас. 11 Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той ачарняе закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выканавец закону, але суддзя. 12 Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш блізкага? 13 А ну цяпер вы, што кажаце: «Сёння або заўтра пойдзем у той ці іншы горад, і пражывём там год, і зоймемся гандлем, і атрымаем прыбытак»; 14 вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё ваша. Бо яно – пара, што на хвіліну з’яўляецца, а потым прападае. 15 Замест таго казаць бы вам: «Калі Госпад захоча, будзем жыць і рабіць тое ці іншае». 16 Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасці. Кожнае такое пустахвальства ліхое. 17 Таму той, хто ўмее рабіць дабро і не робіць, грэх таму! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)