ЯКАВА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хай з вас многія не квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што тым цяжэйшы атрымаем прысуд. 2 Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё цела сваё. 3 Калі акілзваем коней, каб слухаліся нас, то падпарадкоўваем усё іх цела. 4 Вось, і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды стырнавы захоча. 5 Так і язык, хоць малая частка цела, а шмат робіць. Вось, малы агеньчык вялікі лес падпальвае. 6 І язык – гэта агонь, асяродак усякай несправядлівасці. Язык так змешчаны паміж нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае кола жыцця. 7 Бо ўсякая натура звяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлін утаймоўваецца і ўтаймавана натурай чалавечай. 8 Языка ж ніводзін чалавек не можа ўтаймаваць; і гэта – несупыннае ліха, поўнае смертаноснай атруты. 9 Ім дабраслаўляем Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, якія створаны на падабенства Божае. 10 З тых самых вуснаў выходзіць дабраславенне і праклён. Не павінна так быць, браты мае! 11 Ці ж з тае самае крыніцы можа выцякаць вада салодкая і горкая? 12 Ці ж можа, браты мае, дрэва фігавае нараджаць аліўкі, або вінаградны куст – фігі? Не можа салёная крыніца даваць салодкую ваду. 13 Хто паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасцю. 14 Калі ж у сэрцах вашых маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, дык не хваліцеся і не хлусіце супраць праўды. 15 Гэта не тая мудрасць, што з вышыні сыходзіць, але зямная, душэўная, шатанская. 16 Бо дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе ды ўсякая ліхая справа. 17 А мудрасць, што з вышыні, перш за ўсё чыстая, пасля мірная, пакорлівая, лагодная, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная. 18 Плод жа праведнасці засяваецца ў міры тымі, што паводзяць сябе мірна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)