ЭФЭСЯНАЎ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва. 2 Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем: 3 каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі. 4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым. 5 Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту, 6 не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як паслугачы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы, 7 з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям, 8 ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Госпада атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны. 9 І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу. 10 Урэшце, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго. 11 Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла. 12 Бо наша змаганне не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць цемры гэтага веку, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах. 13 Дзеля таго вазьміце ўсю зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі супрацьстаць і, выканаўшы ўсё, выстаяць. 14 Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашы праўдаю, і надзеўшы панцыр справядлівасці, 15 і абуўшы ногі ў гатоўнасць абвяшчаць Евангелле супакою; 16 на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога; 17 і вазьміце шалом збаўлення разам з мечам Духа, якім ёсць Слова Божае, 18 ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, аб гэтым самым чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых 19 і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля, 20 дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у ім адважыўся гаварыць так, як мне належыць гаварыць. 21 Каб жа і вы ведалі пра мяне, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга у Госпадзе, 22 якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашы. 23 Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста. 24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)