ЭФЭСЯНАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паўла, Апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе: 2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце, 4 Бо выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові; 5 Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй, 6 на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным, 7 у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго, 8 якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і разуменні, 9 каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім, 10 на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою – Хрыстом. 11 У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны наперад паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй, 12 каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста. 13 У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання, 14 Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы. 15 Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых, 16 не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх, 17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго, 18 прасветленыя вочы розуму вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых, 19 і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго, 20 якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах 21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым; 22 і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою, 23 якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)