ЭСТЭР 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сталася на трэці дзень, што Эстэр, апрануўшыся ў царскія шаты, стала на панадворку царскага дома і затрымалася перад царскім палацам. Цар жа сядзеў на сваім троне ў пярэднім пакоі палаца, насупраць брамы дома. 2 І сталася, калі цар убачыў Эстэр, калі царыца стаяла, спадабалася яна вачам яго, ды выцягнуў ён да яе залаты скіпетр, які меў у руцэ; яна падышла і дакранулася да канца скіпетра яго. 2а І калі яна апранулася ў пышныя царскія шаты і прызвала Збаўцу і Валадара ўсіх, Бога, узяла дзвюх паслугачак, 2б і на адну яна нават апіралася, як бы ў раскошы, 2в а другая ішла за гаспадыняю, падтрымліваючы ападаючыя на зямлю шаты. 2г Сама яна, пафарбаваўшы твар ружовай фарбай і з бліскучымі вачамі, хавала смутак душы і страх смерці. 2д Такім чынам, яна, увайшоўшы праз чарговыя дзверы, стала ва ўнутраным пакоі насупраць цара, дзе ён сядзеў на пасадзе царства свайго, апрануты ў царскія шаты і свецячыся каштоўнымі камянямі: і выгляду ён быў страшнага, і трымаў залаты скіпетр. 2дж І калі падняў ён твар, убачыў яе, як вол у разгары злосці сваёй, і, думаючы яе забіць, закрычаў непрыхільна: «Хто, не пакліканы, асмеліўся ўвайсці ў пакой?» І царыца схілілася, і з пабялелым тварам самлела, і абаперлася на галаву паслугачкі, якая яе апярэджвала. 2дз І Бог юдэяў, Госпад усяго стварэння, змяніў дух цара ў ласкавасць, і ён паспешна і са страхам сышоў з пасада; і, падтрымліваючы яе рукамі сваімі, аж пакуль яна апрытомнела, спакойнымі словамі шаптаў ёй: 2е «Што табе, Эстэр, царыца, сястра мая, суправіцелька? Я брат твой, не бойся. 2ё Не памрэш; бо гэты закон устаноўлены для ўсіх, а не для цябе. 2ж Хадзем!» 2з І, падняўшы залаты скіпетр, паклаў яго ёй на шыю, і пацалаваў яе, і сказаў: «Кажы мне, што маеш!» 2і Яна адказала: «Убачыла цябе, гаспадару, як анёла Божага, ды ўзварушылася маё сэрца ад страху тваёй славы; 2й бо ты надта дзіўны, гаспадару, і твар твой поўны ласкавасці». 2к А калі гэта казала, зноў самлела і чуць не памерла. 2л А цар спалохаўся, і ўсе яго паслугачы. 3 І сказаў ёй цар: «Што хочаш, царыца Эстэр? Якая твая просьба? Хоць палову царства прасі — будзе дадзена табе». 4 Яна ж адказала: «Калі гэта падабаецца цару, прашу прыйсці да мяне сёння разам з Аманам на застолле, якое я прыгатавала». 5 І цар адразу ж: «Паклічце, — кажа, — хутчэй Амана, нешта Эстэр хоча сказаць». Такім чынам, цар і Аман прыбылі на застолле, якое ім справіла царыца. 6 І калі выпіў цар віна, сказаў ёй: «Чаго просіш, каб даць табе, і чаго патрабуеш? Хоць палову царства майго папросіш — атрымаеш». 7 Эстэр адказала яму: «Патрабаванне маё і просьба: 8 Калі маю ласку перад абліччам цара і калі цару падабаецца, каб даць мне, што прашу, і каб споўніць маю просьбу, то хай цар і Аман прыйдуць на застолле, якое я спраўлю ім, і заўтра я зраблю паводле слова цара». 9 Дык у той дзень выйшаў Аман вясёлы і з лёгкім сэрцам. І калі ўбачыў ён Мардахэя, які сядзеў у браме палаца і не толькі не ўстаў перад ім, але і нават не варухнуўся з месца свайго, дзе сядзеў, то ён надта ўзлаваўся. 10 І, апанаваны злосцю, вярнуўся ў свой дом, склікаў да сябе сваіх прыяцеляў і сваю жонку Зарэс, 11 і казаў ім пра мноства багацця свайго, і пра шматлікіх сыноў сваіх, і што цар узвысіў яго вялікай славай над усімі князямі і сваімі паслугачамі. 12 І пасля гэтага сказаў ён: «Ды і царыца Эстэр нікога іншага не запрасіла на застолле з царом, апрача мяне; у яе разам з царом таксама і заўтра буду частавацца. 13 І хаця ўсё гэта ў мяне будзе, я лічу, што ў мяне нічога няма, пакуль буду бачыць Мардахэя юдэя, які сядзіць пры царскай браме». 14 І сказала яму жонка яго Зарэс ды іншыя прыяцелі: «Загадай прыгатаваць высокі слуп вышынёю ў пяцьдзесят локцяў і раніцай скажы цару, каб павесілі на ім Мардахэя; і тады пойдзеш з царом вясёлы на застолле». Спадабалася яму парада, і загадаў паставіць высокі слуп. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)