ЭСТЭР 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А цар Асуэр наклаў падатак на зямлю і марскія астравы. 2 Яго мужнасць, і ўлада, і годнасць, і высакароднасць, якою ўзвялічыў Мардахэя, — запісана ў Кнізе аналаў цароў мідзян і персаў, 3 і як Мардахэй, юдэйскага роду, стаў другім па цару Асуэру і вялікім у юдэяў і мілым народу братоў сваіх, стараючыся пра дабро для народа свайго і кажучы тое, што служыла дзеля супакою яго пакалення. 3а І сказаў Мардахэй усім: «Богам зроблена гэта!» 3б Прыпомніў Мардахэй сон, які бачыў, у гэтым сэнсе; і нічога з таго не было марным: 3в «Малая бо крынічка зрабілася ракой, і было святло, і сонца, і надта багатая вада: крыніца і вада — гэта Эстэр, якую цар узяў за жонку і захацеў, каб была царыцай; 3г два ж драконы — гэта я і Аман; 3д народы, што сабраліся, — гэта тыя, хто паспрабаваў, каб сцерці імя юдэяў; 3дж а народ мой, гэта значыць Ізраэль — гэта тыя, што прызывалі Госпада; і збавіў Госпад народ Свой, і вызваліў нас ад усякіх бед, і чыніў вялікія знакі і дзівы, якія не бываюць сярод плямёнаў. 3дз І ўстанавіў два жэрабі: адзін для народа Божага, і другі для ўсіх плямёнаў. 3е І абодва жэрабі паступілі на вызначаны час і на дзень суда ўсіх народаў перад абліччам Бога. 3ё Бог успомніў пра народ Свой ды прызнаў справядлівасць Сваёй спадчыны. 3ж І будуць захоўвацца тыя дні ў месяцы Адар, у чатырнаццаты і пятнаццаты дзень гэтага месяца, днямі сходу, і радасці, і весялосці перад Богам паводле пакаленняў вашых вечна ў народзе Ізраэля». 3з У чацвёрты год царавання Пталамея і Клеапатры даставіў Дазытэй, які лічыў сябе за святара і левіта, ды Пталамей, сын яго, гэты ліст, адносячыся да Фрурай, які, як кажуць, ёсць верагодны. Пераклаў яго Лісімах, сын Пталамея з Ерузаліма. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)