ЭКЛЕЗІЯСТА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Не гавары спехам, і сэрца тваё хай не будзе паспешным у прамаўленні слова перад Богам; бо Бог у небе, а ты на зямлі: таму хай слоў тваіх будзе нямнога. 2 За вялікімі турботамі ідуць сны, і па многіх словах пазнаецца глупства. 3 Калі ў чым прысягнуў Богу, не марудзь споўніць: не падабаецца Яму неразумнае абяцанне; дык, калі ў чым прысягнуў — выканай. 4 Шмат лепш не прысягаць, чым, прысягнуўшы, — не выканаць. 5 Не дазваляй вуснам сваім, каб падштурхнулі да граху цела тваё, і не гавары перад пасланцам: «Была памылка»; каб часам Бог, разгневаны на твае словы, не знішчыў справу рук тваіх. 6 Дзе ёсць шмат сноў, там многа марнасці і слоў незлічона; а ты бойся Бога! 7 Калі ты ўбачыш прыцясненні няшчасных, а таксама скажэнне суда і справядлівасці ў краі, не дзівіся з гэтай справы, бо над высокім чувае больш высокі, і над імі таксама ёсць іншыя, больш высокія; 8 а набытак зямлі — перадусім цар, палі якога ўзараныя. 9 Хто любіць грошы, грашамі не здаволіцца, а хто мілуе багацце, не будзе мець з яго плёну; дык і гэта марнасць. 10 Дзе ёсць вялікая маёмасць, там многа і тых, што яе спажываюць; і што за карысць з гэтага ўласніку: хіба што глядзець на багацце сваімі вачамі? 11 Салодкі сон працаўніка, ці ён мала, ці многа пад’еў, але сытасць багатага не дае яму спаць. 12 Ёсць і найгоршая немач, якую ўбачыў я пад сонцам, — багацце, што захоўваецца на шкоду гаспадара свайго. 13 Бо прападае яно ў найгоршым выпадку; калі нарадзіў сына, то будзе ён у поўнай нястачы. 14 Як выйшаў з улоння маці сваёй голы, так зноў адыдзе, як прыйшоў, і нічога не вынесе з працы сваёй, што мог бы забраць рукою сваёй. 15 І гэта таксама балючая немач: як прыйшоў, так і адыдзе. Дык што яму за карысць, што працаваў на вецер? 16 Ва ўсе дні жыцця свайго еў ён упоцемку, у клопатах вялікіх, у пакутах і смутку. 17 Вось што ўбачыў я добрае: што прыгожа, каб кожны еў і піў і меў асалоду ў радасці ад працы сваёй, у якой працаваў ён пад сонцам, у ліку дзён жыцця свайго, якія даў яму Бог; бо гэта — доля яго. 18 І так кожнаму чалавеку, якому Бог даў багацце і маёмасць і даў яму магчымасць, каб ён спажываў іх, і браў частку сваю, і радаваўся з працы сваёй — гэта ёсць дар Божы. 19 Не доўга будзе ён прыгадваць дні жыцця свайго, бо Бог напоўніць асалодамі сэрца яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)