ЭКЛЕЗІЯСТА 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кідай свой хлеб на бягучую ваду, бо праз доўгі час знойдзеш яго. 2 Давай частку сямі або нават васьмі, бо не ведаеш, якая бяда будзе на зямлі. 3 Калі хмары будуць перапоўнены, то яны выльюць на зямлю дождж; а калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, то на якім месцы ўпадзе, там і ляжыць. 4 Хто назірае за ветрам, той не сее, а хто глядзіць на хмары, не будзе збіраць. 5 Як не ведаеш, якая дарога ветру і якім чынам фармуюцца косці ва ўлонні цяжарнай, так не ведаеш спраў Божых, Які ёсць Творца ўсяго. 6 Раніцаю сей сваё зерне, і да вечара хай не спыніцца твая рука, бо не ведаеш, што лепш атрымаецца: адно ці другое, а можа, аднолькава будуць добрымі. 7 Салодкае святло, і прыемна вачам бачыць сонца. 8 Калі многа гадоў пражыве чалавек і з усіх іх будзе цешыцца, то павінен памятаць пра цёмны час, бо будзе яго шмат: усё, што прыйдзе, — марнасць. 9 Дык цешся, юнача, з сваёй маладосці, і сэрца тваё хай будзе з дабром у днях юнацтва твайго, і хадзі па шляхах сэрца свайго і за позіркам вачэй тваіх; а ведай, што за ўсё гэта павядзе цябе Бог на суд. 10 Дык прымі клопат з сэрца свайго і ўхілі ліха ад цела свайго; бо дзяцінства і юнацтва — марныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)