ЭКЛЕЗІЯСТА 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Мёртвыя мухі псуюць і нішчаць алеек у слоіку. Малая безразважнасць больш важыць за мудрасць і славу. 2 Сэрца мудрага [звяртаецца] у правы бок, а сэрца неразумнага — у левы. 3 Нават ідучы дарогаю, дурань, паколькі ён безразважны, кожнаму паказвае, што ен дурны. 4 Калі гнеў таго, хто мае ўладу, узгарыцца супраць цябе, не пакідай свайго месца, бо захаванне супакою спыніць найгоршыя грахі. 5 Ёсць ліха, якое ўбачыў я пад сонцам, гэта быццам бы аблуда, што паходзіць ад начальніка: 6 пастаўлены на высокае становішча неразумны, а багатыя сядзяць нізка. 7 Убачыў слугаў на конях, а князёў, якія ішлі пешшу, быццам слугі. 8 Хто капае дол, той упадзе ў яго, а таго, хто руйнуе мур, укусіць гадзюка. 9 Хто разбівае камяні, будзе скалечаны імі, а хто сячэ дровы, выставіць сябе праз іх на небяспеку. 10 Калі ступіцца сякера і ляза яе не навострыш, больш становіцца працы, але плёнам стараннасці будзе мудрасць. 11 Калі ўкусіць змяя, а замову занядбаюць, то шаптун не будзе мець аніякага плёну. 12 Словы ў вуснах мудрага — ласка, але вусны безразважнага пагубяць яго самога. 13 Пачатак слоў яго — глупства, а канец яго размовы — вялікая бязглуздзіца. 14 Неразумны шмат гаворыць: «Не ведае чалавек, што будзе потым, і, што па ім станецца, хто можа яму паказаць?» 15 Праца неразумных будзе абцяжарваць тых, хто не ведае, як ісці ў горад. 16 Бяда табе, зямля, калі твой цар — юнак і калі твае князі рана частаванне ядуць. 17 Шчасная зямля, у якой цар дастойны, ды ў якой князі банкет ядуць у свой час для сілкавання, а не для раскошы. 18 Праз лянівыя рукі правісне столь, і праз апушчаныя — працячэ дом. 19 Баль ладзяць дзеля забавы, а віно развесяляе жыццё, і грошы даюць усё. 20 У думцы сваёй не зневажай цара, і ў сховах спальні сваёй не праклінай багатага, бо нават птушкі нябесныя занясуць голас твой і хто мае крылы — абвесціць сказанае. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)