Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭКЛЕЗІЯСТА 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слова Эклезіяста, сына Давідава, цара ў Ерузаліме.

2 Марнасць з марнасцей, — кажа Эклезіяст, — марнасць з марнасцей і ўсё марнасць.

3 Што за карысць чалавеку ад усёй працы яго, у якой працуе пад сонцам?

4 Пакаленне адыходзіць і пакаленне прыходзіць, а зямля трывае вечна.

5 Узыходзіць сонца, і заходзіць сонца, і спяшаецца на месца сваё, і там ізноў нараджаецца.

6 Кружляе праз поўдзень і паварочвае на поўнач, абыходзячы ўсё навокал, рухаецца вецер і на кругі свае вяртаецца.

7 Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, адкуль выходзяць, туды і вяртаюцца рэкі ў цячэнні сваім.

8 Усе рэчы цяжкія, не можа выясніць іх чалавек моваю. Не насычаецца вока глядзеннем, ані вуха не напаўняецца слуханнем.

9 Што было, тое і ёсць, тое і будзе. Што сталася, тое і ёсць, тое і станецца:

10 нічога новага пад сонцам. Часам кажуць пра якую-небудзь рэч: «Вось, гэта новае», але [гэта] ужо раней прамінула ў вяках, што былі перад намі.

11 Няма памяці пра тых, што раней жылі, але ж і пра тых, што потым жыць будуць, не будзе ўспаміну ў тых, якія пасля будуць.

12 Я, Эклезіяст, быў царом Ізраэля ў Ерузаліме.

13 І вырашыў у душы сваёй вышукваць і даследаваць мудра ўсё, што дзеецца пад сонцам. Гэты найцяжэйшы занятак даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся ім.

14 Убачыў я ўсё, што дзеецца пад сонцам; і, вось жа, усё — марнасць і турбаванне духа.

15 Што крывое — не можа стацца прамым, а чаго не хапае — не можа быць палічана.

16 Прамовіў я ў сэрцы маім, кажучы: «Вось, я ўзвялічыў мудрасць і набыў [яе] больш за ўсіх, што былі да мяне ў Ерузаліме; і розум мой спазнаў вялікую мудрасць і веды».

17 Аддаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасць і веды, неразумнасць і дурноту, і даведаўся я, што ў гэтым — таксама засмучанасць духа, менавіта таму

18 ў вялікай мудрасці — вялікая туга і хто павялічвае веды, павялічвае і пакуты.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы