Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭЗДРЫ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Па гэтых падзеях у цараванне Артаксэркса, цара персаў, Эздра, сын Сараі, сына Азарыі, сына Хэлькіі,

2 сына Сэлума, сына Садока, сына Ахітуба,

3 сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,

4 сына Зараі, сына Озі, сына Бокцы,

5 сына Абісуэ, сына Пінхаса, сына Элеязэра, сына Аарона, першасвятара, —

6 сам Эздра выйшаў з Бабілона; і ён сам быў адукаваным настаўнікам у законе Майсеевым, які даў яму Госпад, Бог Ізраэля. І як рука Госпада, Бога яго, супачывала над ім, то споўніў цар усякую яго просьбу.

7 І ў сёмым годзе цара Артаксэркса пайшлі з ім у Ерузалім некаторыя з сыноў Ізраэля: і з сыноў святароў, і з сыноў левітаў, і са спевакоў, і з прыдзверных, і з нявольнікаў святыні.

8 І ён вярнуўся ў Ерузалім у пятым месяцы акурат у сёмы год цара.

9 У першы дзень першага месяца ён выйшаў з Бабілона, і ў першы дзень пятага месяца прыбыў у Ерузалім, бо спагадная рука Бога яго супачывала на ім.

10 Бо Эздра схіліў сэрца сваё, каб вывучаць і спаўняць закон Госпадаў, і выконваць, і вучыць у Ізраэлі прыказанню і закону.

11 А вось змест ліста, які даў цар Артаксэркс Эздру, святару, настаўніку, дасведчанаму ў прыказаннях Госпадавых і пастановах Яго для Ізраэля:

12 «Артаксэркс, цар цароў — святару Эздру, дасканаламу настаўніку закону Бога нябеснага, — прывітанне.

13 Мною выдадзена пастанова, што, калі хто ў маім царстве з народа Ізраэля, ці то са святароў яго, ці з левітаў захоча ісці ў Ерузалім, хай ідзе з табой.

14 Бо самім царом і сямю яго дарадчыкамі пасланы ты, каб наведаць Юдэю і Ерузалім паводле закону Бога твайго, які маеш у руцэ сваёй,

15 і каб занесці срэбра і золата, якое цар і дарадчыкі яго добраахвотна ахвяравалі Богу Ізраэля, палатка Якога знаходзіцца ў Ерузаліме,

16 і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш ва ўсёй краіне Бабілонскай разам з добраахвотнымі ахвярамі, складзенымі народам і святарамі для дома Бога свайго, што ў Ерузаліме,

17 ты, такім чынам, за гэтыя грошы старанна купляй цялят, бараноў, ягнят, і ахвяры хлебныя, і ахвяры вадкія, і складзі іх на ахвярніку святыні Бога вашага, што ў Ерузаліме.

18 Але калі табе і братам тваім захочацца нешта зрабіць з рэштаю срэбра і золата, дык рабіце паводле волі Бога вашага.

19 Таксама пасудзіны, якія даручаюцца табе для службы ў доме Бога твайго, перадай перад Богам у Ерузаліме.

20 Але і іншае, што спатрэбіцца для дома Бога твайго, выдадуць хай з царскай скарбоўні.

21 І я, Артаксэркс, цар, пастанавіў і загадаў усім вартаўнікам грамадскай казны, якія за ракою, каб усё, аб чым папросіць вас Эздра, святар, настаўнік закону Бога нябеснага, вы далі, не адкладаючы:

22 срэбра — аж да ста талентаў, і пшаніцы — аж да ста кораў, і віна — аж да ста батаў, і аліўкавага алею — аж да ста батаў; а солі — без абмежавання.

23 Усё, што патрабуе Бог нябесны, хай будзе неадкладна дадзена ў дом Бога нябеснага, каб часам не загневаўся Ён на дзяржаву цара і яго сыноў.

24 Таксама паведамляем вам, што не маеце права абкладаць падаткам, і данінаю, і падаткам на харчы ўсіх святароў, і левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, нявольнікаў і паслугачоў гэтага дома Божага.

25 А ты, Эздра, паводле мудрасці Бога твайго, якую маеш, пастаў кіраўнікоў і суддзяў, каб судзілі ўвесь народ за Ракою, гэта значыць, тых, што ведаюць закон Бога твайго; але і тых, хто недасведчаны, старанна вучыце.

26 І кожны, хто не спаўняе старанна закону Бога твайго і закону цара, хай будзе асуджаны або на смерць, або на выгнанне, або на грашовае яго пакаранне, або, прынамсі, на вязніцу».

27 Дабраславёны, Госпад, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў гэта ў сэрца цара, каб уславіць дом Госпада, што ў Ерузаліме,

28 і Які на мяне накіраваў міласэрнасць цара і яго дарадчыкаў ды ўсіх магутных кіраўнікоў яго. Ды я, узмацаваны рукою Госпада, Бога майго, якая на мне, сабраў кіраўнікоў Ізраэля, каб пайшлі са мною.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы