Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭЗДРЫ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А Агей прарок і Захарыя прарок, сын Адо, абвясцілі юдэям, што былі ў Юдэі і ў Ерузаліме, прароцтва ў імя Бога Ізраэля, Які быў над імі.

2 Тады падняліся Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і пачалі будаваць святыню Божую ў Ерузаліме; а прарокі Божыя дапамагалі ім.

3 А тым часам прыбылі да іх Татанай, які быў кіраўніком за ракою, і Старбузанай, і іх дарадчыкі і так сказалі ім: «Хто даў вам права будаваць дом гэты і дарабляць муры гэтыя?

4 Якія імёны людзей, што кіруюць гэтаю будоўляй?»

5 А вока Бога іх было над старшынамі юдэяў, і яны не перашкодзілі ім, аж пакуль справа не апынулася ў Дарыя, і той не пераслаў рашэнне ў гэтай справе.

6 Копія ліста, які даслаў Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і Старбузанай, і іх дарадчыкі, і кіраўнікі, якія былі за ракой, цару Дарыю.

7 Ліст, які яны паслалі яму, так быў напісаны: «Цару Дарыю — усякі супакой!

8 Хай ведае цар, што мы хадзілі ў Юдэйскую краіну ў дом Вялікага Бога, які будуецца з квадратнага каменя, і дрэва ўкладаецца ў сцены; і праца гэта робіцца старанна ды расце ў іх руках.

9 Дык мы спыталіся ў тых старэйшын і так казалі ім: “Хто даў вам права будаваць дом гэты і гэтыя муры дакончыць?”

10 Але спыталіся мы ў іх і пра імёны іх людзей, каб паведаміць табе, і запісалі мы імёны тых людзей, што з’яўляюцца кіраўнікамі іх.

11 А далі яны нам адказ такімі словамі: “Мы — паслугачы Бога неба і зямлі, і будуем святыню, якая была пабудавана многа гадоў таму, і якую будаваў і скончыў вялікі цар Ізраэля.

12 Калі ж бацькі нашы ўгнявілі Бога неба, аддаў Ён іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, халдэя, які дом гэты зруйнаваў, і народ яго перасяліў у Бабілон.

13 Але ў першы год Кіра, цара Бабілона, цар Кір выдаў дэкрэт адбудаваць гэты дом Божы.

14 Бо і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў з святыні, што была ў Ерузаліме, і перавёз яго ў храм Бабілонскі, цар Кір вынес з храма ў Бабілоне; і аддадзены ён быў аднаму чалавеку на імя Сасабасар, якога ён і паставіў кіраўніком,

15 і сказаў яму: “Вазьмі гэты посуд і ідзі, і дастаў яго ў святыню, што ў Ерузаліме, і дом Божы мае быць пабудаваны на сваім месцы”.

16 Такім чынам, Сасабасар той прыбыў і заклаў падмуркі святыні Божай у Ерузаліме; і ад таго часу аж да цяпер будуецца ён, і яшчэ не закончаны”.

17 Такім чынам, цяпер, калі мае цар на тое добрую волю, хай праверыць у царскай скарбоўні, якая ў Бабілоне, ці дазволіў цар Кір пабудову дома Божага ў Ерузаліме, і рашэнне цара ў гэтай справе хай будзе пераслана нам».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы