Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЦІТА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,

2 нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.

3 Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.

4 Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,

5 дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,

6 Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,

7 каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.

8 Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.

9 Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.

10 Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,

11 ведаючы, што такі – пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.

12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.

13 Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.

14 Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.

15 Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы