ЦІТА 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паўла, паслугач Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці, 2 у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае, 3 і аб’явіў у свой час Сваё слова ў пропаведзі, якая даверана мне па загаду Бога, Збаўцы нашага, 4 Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка, міласць і супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага. 5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў: 6 калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці. 7 Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не задзіра, не сквапны да ліхой карысці, 8 але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, пабожны, уздзержлівы, 9 які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб быў моцны і настаўляў у здаровым навучанні і дакараў тых, што кажуць супраць. 10 Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных, 11 каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці. 12 Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты». 13 Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры, 14 не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды. 15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне. 16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)