СУДЗЬДЗЯЎ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Абімэлех жа, сын Ерабаала, пайшоў у Сіхэм да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсяму роду з дому маці сваёй, кажучы: 2 «Скажыце ўсім людзям у Сіхэме: “Што вам лепш: каб валадарылі над вамі ўсе семдзесят сыноў Ерабаала ці каб валадарыў над вамі адзін чалавек? І прытым майце на ўвазе, што я — косць з косці вашай і цела з цела вашага”». 3 І браты маці яго расказвалі пра яго ўсім людзям у Сіхэме ўсімі гэтымі словамі, і сэрцы іх прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!» 4 І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Баал-Бэрыта; ён сабраў сабе адтуль людзей наёмных і бадзяжных, якія пайшлі за ім. 5 І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Эфры, і на адным камені забіў сваіх братоў, сыноў Ерабаала, семдзесят чалавек. І не забіў толькі Ёатама, наймалодшага сына Ерабаала, бо ён схаваўся. 6 І сабраліся ўсе мужчыны з Сіхэма і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха царом каля дуба, што стаяў у Сіхэме. 7 Калі паведамілі аб гэтым Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім і, павысіўшы голас, усклікнуў і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сіхэма, і хай пачуе вас Бог. 8 Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе цара, і сказалі яны аліўцы: “Царуй над намі.” 9 Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся сваёй сакавітасці, якой ганарацца і багі, і людзі, і пайсці, каб хістацца па-над дрэвамі?” 10 Дык сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і прымі цараванне над намі”. 11 Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасці сваёй і найпрыемнейшых пладоў і ісці, каб хістацца па-над другімі дрэвамі?” 12 Таксама сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь царом над намі”. 13 Вінаградная лаза сказла ім: “Ці магу вырачыся свайго віна, што весяліць багоў і людзей, каб хістацца па-над дрэвамі?” 14 І сказалі ўсе дрэвы крушыне: “Хадзі і будзь царом над намі!” 15 Адказала ім крушына: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на цара, то хадзіце і адпачніце ў маёй засені; а калі не жадаеце, хай агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры лібанскія!” 16 Такім чынам, цяпер, калі справядліва і без граху вы паставілі над сабой царом Абімэлеха, і калі добра абышліся з Ерабаалам і з домам яго, і адплацілі за дабрадзействы таго, 17 хто ваяваў за вас і жыццё сваё ставіў пад небяспеку, каб выратаваць вас з рук мадыянцаў, 18 а вы сёння паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў яго семдзесят чалавек на адным камені, і выбралі сабе царом Абімэлеха, сына паслугачкі яго, над жыхарамі Сіхэма, бо ён брат ваш; 19 дык калі справядліва ўчынілі вы і без памылкі з Ерабаалам і домам яго сёння, то цешцеся з Абімэлеха, і хай ён цешыцца з вас. 20 Калі ж крывадушна зрабілі, хай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!» 21 Калі гэта Ёатам сказаў, ён уцёк і адышоў у Бэру і абжыўся там, баючыся брата свайго Абімэлеха. 22 І цараваў над Ізраэлем Абімэлех тры гады. 23 І пусціў Бог духа найгоршага між Абімэлехам і жыхарамі Сіхэма, якія ўзбунтаваліся супраць яго, 24 каб злачынства забойства сямідзесяці сыноў Ерабаала і праліццё крыві іх павярнулася на Абімэлеха, брата іх, і на жыхароў Сіхэма, якія яму дапамагалі. 25 І жыхары Сіхэма зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і ўчынялі напады, рабуючы кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было аб гэтым Абімэлеху. 26 Тады Гаал, сын Абэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сіхэм, і жыхары Сіхэма паверылі яму. 27 І, выйшаўшы на палі, рвалі яны вінаградныя лозы, і выціскалі вінаградныя гронкі, і, утварыўшы хоры спевакоў, увайшлі яны ў святыню бога свайго, і між снеданнем і выпіўкай пракліналі Абімэлеха, 28 калі казаў Гаал, сын Абэда: «Хто такі Абімэлех і хто такі Сіхэм, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Ерабаала, а Зэбул — яго ўрадовец? Служыце людзям Гамора, бацькі Сіхэма! Навошта мы будзем яму служыць? 29 Каб хто аддаў гэты народ пад маю руку, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Збяры сваё вялікае войска і прыходзь!”» 30 Зэбул, кіраўнік горада, пачуўшы гаворку Гаала, сына Абэда, вельмі раззлаваўся 31 і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось, Гаал, сын Абэда, і яго браты прыбылі ў Сіхэм і падбухторваюць горад супраць цябе. 32 Дык устань уночы ты і народ твой і схавайцеся ў полі. 33 А раніцай, калі сонца ўзыдзе, нападзі на горад, а калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможаш». 34 Дык устаў Абімэлех з усім войскам сваім уночы і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сіхэма. 35 І Гаал, сын Абэда, выйшаў і стаў на ўваходзе ў браму горада; устаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з месца засады. 36 І калі Гаал убачыў войска, ён звярнуўся да Зэбула: «Вось, мноства людзей сыходзіць з гор». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цені гор, а табе здаецца, што людзі». 37 І зноў Гаал кажа: «Вось, народ сыходзіць з сярэдзіны зямлі, а адзін клін ідзе па дарозе Аўгуравых Дубоў». 38 Тады сказаў яму Зэбул: «Дзе ж твае вусны цяпер, якімі ты казаў: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта не той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго». 39 Дык пайшоў Гаал, бо глядзеў на яго народ сіхэмцаў, і ваяваў супраць Абімэлеха. 40 Гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі вельмі многія з яго боку ў дарозе да брамы горада. 41 І Абімэлех вярнуўся ў Аруму; а Гаала і братоў яго Зэбул выгнаў з горада, забараніўшы ім жыць у ім. 42 І назаўтра выйшаў народ на поле. Паколькі было аб гэтым паведамлена Абімэлеху, 43 ён сабраў войска сваё і падзяліў на тры дружыны, зрабіўшы засаду ў палях. І, бачачы, што народ выходзіць з горада, устаў і пабіў іх. 44 І ён са сваёй дружынай напаў і захапіў уваход у браму горада; а дзве другія дружыны пабілі ворагаў, якія разбегліся па полі. 45 Затым Абімэлех увесь той дзень атакаваў горад, і здабыў яго, і, забіўшы жыхароў яго, а сам горад знішчыўшы, пасыпаў яго соллю. 46 Калі гэта пачулі тыя, што былі ў Сіхэмскай вежы, яны сышлі ў падзямелле свяцілішча Эль-Бэрыта. 47 Таксама Абімэлех, пачуўшы, што ўсе людзі з Сіхэмскай вежы схаваліся ў адным месцы, 48 з усім народам сваім падняўся на гару Сэлмон, і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, несучы яго ўскладзеным на плячо, загадаў тым, хто быў з ім: «Вы бачыце, што я раблю, — хутка рабіце тое ж». 49 І яны, навыперадкі адсякаючы галлё з дрэў, пайшлі за кіраўніком, і падпалілі галлё, якім абклалі падзямелле; і здарылася так: ад дыму і агню ўсе людзі пагінулі, каля тысячы мужчын, і столькі ж жанчын, жыхароў Сіхэмскай вежы. 50 А адтуль выправіўшыся, Абімэлех прыйшоў да горада Тэбэц, які ён абкладваў, і здабыў яго. 51 А ў сярэдзіне горада была моцная вежа, у якой схаваліся і мужчыны, і жанчыны, і ўсе грамадзяне горада, вельмі моцна замкнуўшы браму, і ўзышлі на дах той вежы, стаўшы ўздоўж умацаванняў. 52 І Абімэлех, падышоўшы пад самую вежу, настойліва змагаўся, і, наблізіўшыся, ён пажадаў падпаліць браму. 53 І вось, нейкая жанчына скінула на галаву Абімэлеха даволі вялікі камень, што ляжаў наверсе, і разбіла чэрап яго. 54 Ён хутка паклікаў свайго збраяносца і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб часам не сказалі, што я забіты жанчынаю». Ён ударыў яго мечам. І, калі ён памёр, 55 усе мужчыны Ізраэля, бачачы гэта, вярнуліся ў свае пасяленні. 56 Так Бог аддаў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх. 57 Таксама жыхарам Сіхэма было аддадзена за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ёатама, сына Ерабаала. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)