Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

СУДЗЬДЗЯЎ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А Яфтах Галаадзец быў вельмі мужным ваяром, быў ён сын распусніцы, бацькам яго быў Галаад.

2 А Галаад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, як падраслі, выгналі Яфтаха, кажучы: «Не можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо нарадзіўся ад другой жанчыны».

3 І ён, уцякаючы ад іх і пазбягаючы іх, абжыўся ў зямлі Тоб; і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім.

4 У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраэля.

5 Калі яны рашуча наступалі, прыйшлі старэйшыны галаадскія, каб узяць у дапамогу сабе Яфтаха з зямлі Тоб.

6 І сказалі яму: «Хадзі і будзь нашым кіраўніком, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона».

7 Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зненавідзелі мяне і не выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыйшлі да мяне, калі бяда вас прыціснула».

8 І сказалі Яфтаху князі Галаада: «Вось з гэтае прычыны і прыйшлі мы зараз да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і быў кіраўніком усіх, што жывуць у Галаадзе».

9 Яфтах ізноў сказаў ім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасць іх Госпад у рукі мае, я буду вашым кіраўніком».

10 Яны адказалі яму: «Сам Госпад, Які чуе гэта, будзе пасрэднікам і сведкам, што споўнім слова тваё».

11 І пайшоў Яфтах з князямі Галаада, і ўвесь народ зрабіў яго сваім кіраўніком. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Яфтах перад Госпадам у Міцпе.

12 І паслаў Яфтах пасланцоў да цара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго імя: «Што ёсць у мяне і ў цябе, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне, каб захапіць маю зямлю?»

13 Ён ім адказаў: «Бо Ізраэль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Егіпта, ад межаў Арнона да Ябока і Ярдана; такім чынам, вярні мне яе цяпер з мірам».

14 І паўторна выправіў Яфтах пасланцоў, і загадаў ім, каб сказалі яны цару Амона:

15 «Гэта кажа Яфтах: “Не забраў Ізраэль зямлі Мааба, ані зямлі сыноў Амона.

16 Але калі яны выходзілі з Егіпта, вандраваў Ізраэль праз пустыню аж да Чырвонага мора і прыбыў у Кадэс;

17 і паслалі пасланцоў да цара Эдома, кажучы: “Дазволь, каб прайшоў я праз тваю зямлю”. Не пажадаў ён згадзіцца на яго просьбы. Паслаў таксама і да цара Мааба, але і ён не захацеў дазволіць пераход. Дык заставаўся Ізраэль у Кадэсе.

18 І, абыходзячы праз пустыню, абышоў збоку зямлю Эдома і зямлю Мааба, і прыйшоў на ўсходні бок зямлі Мааба, і стаў лагерам за Арнонам, і не пажадаў увайсці ў зямлю Мааба; бо Арнон ёсць мяжой Мааба.

19 Такім чынам, паслаў Ізраэль пасланцоў да Сэгона, цара амарэяў, цара Хесебона, і сказаў яму: “Дазволь, каб перайшоў я праз зямлю тваю аж да месца майго”.

20 Але і ён не згадзіўся прапусціць яго праз межы свае, але, сабраўшы ўвесь народ свой, выступіў супраць Ізраэля ў Ясе і мужна ваяваў з ім.

21 І аддаў яго Госпад у рукі Ізраэля з усім яго войскам, ён пабіў яго і завалодаў усёй зямлёй амарэяў, жыхароў гэтай краіны,

22 усімі яго межамі ад Арнона да Ябока і ад пустыні аж да Ярдана.

23 Дык Госпад, Бог Ізраэля, скінуў амарэяў перад народам Сваім, Ізраэлем; а ты цяпер хочаш мець зямлю яго?

24 Ці не ўсё тое, што дае табе бог твой Хамос ва ўласнасць, павінна табе належаць па праву? А што Госпад, Бог наш, пераможца, даў нам, мы маем ва ўласнасці.

25 Ці ты лепшы за Балака, сына Сэфора, цара Мааба? Ці ж сварыўся ён з Ізраэлем і ці ваяваў супраць яго?

26 Ізраэль жыў у Хесебоне і ў сёлах яго, і ў Араэры і ў вёсках яго, і ва ўсіх гарадах каля Арнона ўжо трыста гадоў, чаму за такі час вы не выгналі іх?

27 Такім чынам, не я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне дзейнічаеш нядобра, абвяшчаючы мне несправядлівыя войны. Хай Госпад рассудзіць сёння справу між сынамі Ізраэля і сынамі Амона!”»

28 Але цар сыноў Амона не пажадаў згадзіцца на словы Яфтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў.

29 І Дух Госпадаў быў на Яфтаху, і ён, праходзячы Галаад і Манасу, прыбыў у Міцпу ў Галаадзе, а адтуль — да сыноў Амона.

30 Ён жа даў абяцанне Госпаду, кажучы: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў мае рукі,

31 то хто б ні выйшаў першым з брамы дома майго і хто б ні выбег насустрач мне, калі вярнуся я з мірам ад сыноў Амона, таго аддам я на цэласпаленне Госпаду».

32 І пайшоў ён супраць сыноў Амона, каб ваяваць з імі, і аддаў Госпад іх у рукі яго.

33 І разбіў Яфтах іх ад Араэра аж да мясцовасці Мэніт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэл-Хорміма, разгром іх быў страшны, і ўпакораныя былі сыны Амона сынамі Ізраэля.

34 Калі вярнуўся Яфтах у Міцпу, у дом свой, выбегла насустрач яму дачка яго адзіная з тымпанамі і скокамі: бо ён не меў апроч яе дзяцей.

35 І, убачыўшы яе, раздзёр ён адзенне сваё і сказаў: «Ах, дачка мая, ламаючы, ты зламала мяне! І ты ў ліку тых, якія турбуюць мяне! Адчыніў я вусны мае Госпаду і не змагу вырачыся гэтага».

36 Яна яму адказала: «Айцец мой, калі ты адкрыў вусны свае перад Госпадам, зрабі са мною ўсё, што ты паабяцаў, дзеля помсты, дазволенай табе Госпадам, і дзеля перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона».

37 І далей гаварыла яна бацьку: «Толькі адно, што прашу: дазволь мне, каб на працягу двух месяцаў я са сваімі сяброўкамі абышла горы кругом і аплакала дзявоцтва сваё».

38 Ён ёй адказаў: «Ідзі!» І адпусціў яе на два месяцы. І калі пайшла яна з сяброўкамі сваімі, яна аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах.

39 І па двух месяцах вярнулася да бацькі свайго; і ўчыніў ён з ёй, як абяцаў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраэля, і звычай захаваўся,

40 што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраэля, і аплаквалі дачку Яфтаха з Галаада.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы