СУДЗЬДЗЯЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Па смерці Ешуа раіліся сыны Ізраэля з Госпадам, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць хананеяў ваяваць з імі?» 2 І Госпад сказаў ім: «Хай выступіць Юда: вось, Я аддаў зямлю гэтую ў рукі яго». 3 І кажа Юда Сімяону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць хананеяў, а я ўвайду з табой у тваё жэрабя». І пайшоў з ім Сімяон. 4 І пайшоў Юда, і аддаў Госпад у рукі іх хананеяў і феразеяў, і ў Бэзэку забілі яны дзесяць тысяч мужчын. 5 У Бэзэку сутыкнуліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі хананеяў і феразеяў. 6 І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах яго. 7 І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзесят цароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах збіралі рэшткі ежы пад маім сталом. Як я рабіў, так мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерузалім, і там ён памёр. 8 І ваявалі сыны Юды з Ерузалімам, і захапілі яго; і забілі вастрыём меча народ яго, а горад спалілі. 9 Потым падняліся і ваявалі супраць хананеяў, якія жылі ў гарах, і ў Нагэбе, і ў Сэфэлі. 10 Пасля пайшоў Юда супраць хананеяў, якія жылі ў Геброне, што раней называўся Карыят-Арба, і пабіў Сэсая, і Ахімана, і Талмая. 11 А адтуль выйшаўшы, пайшоў ён супраць жыхароў Дабіра, старое імя якога было Карыят-Сэфэр. 12 Калеб сказаў: «Хто нападзе на Карыят-Сэфэр і возьме яго, таму дам за жонку сваю дачку Аксу». 13 І калі ўзяў яго Атаніэль, сын Кенэза, малодшы брат Калеба, Калеб аддаў яму за жонку сваю дачку Аксу. 14 Калі яна прыйшла, ён падгаварыў яе, каб папрасіла ў бацькі свайго поле. Дык яна злезла з асла, і сказаў ёй Калеб: «Што ты маеш [да мяне]?» 15 А яна адказала: «Дабраславі мяне; бо даў ты мне сухую зямлю, дай мне і зямлю, напоеную вадою». І даў ёй Калеб узвышша і даліну, што былі напоеныя вадою. 16 А сыны Хабаба Кінэя, цесця Майсея, выйшлі з горада Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню, што на поўдзень ад Арада, і там абжыліся з амалекцамі. 17 І пайшоў Юда з братам сваім Сімяонам, і разам напалі яны на хананеяў, якія жылі ў Сэфаце, перамаглі іх і абвясцілі гораду закляцце, і названы быў горад гэты Хорма. 18 Юда ўзяў таксама Газу і яе ваколіцы, Аскалон і Акарон з ваколіцамі іх. 19 І Госпад быў з Юдам, таму захапіў ён горы; але не мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны баявыя калясніцы з сярпамі. 20 І Калебу аддалі Геброн, як загадаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака. 21 Сыны ж Бэньяміна не выгналі з Ерузаліма жыхароў яго, евусеяў; і яны жывуць па сённяшні дзень разам з сынамі Бэньяміна. 22 Сям’я Язэпа таксама пайшла ў Бэтэль, і Госпад быў з імі. 23 Бо калі яны выведвалі горад, што раней называўся Луз, 24 убачылі вартаўнікі чалавека, які выходзіў з горада, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы абыдземся з табою міласэрна». 25 Калі ён ім паказаў уваход, яны знішчылі горад вастрыём меча; чалавека ж таго і ўвесь род яго адпусцілі. 26 Той жа, адпушчаны, пайшоў у зямлю Хецім, і заснаваў там горад, і назваў яго Лузам, ён так называецца па сённяшні дзень. 27 А Манаса не здабыў Бэт-Сан і Танах з ваколіцамі іх і не выгнаў жыхароў Дора, і Іблаама, і Магеды з ваколіцамі іх; і засталіся хананеі на гэтай зямлі. 28 А калі Ізраэльцы ўмацаваліся, яны зрабілі хананеяў прыгоннымі і не пажадалі іх выгнаць. 29 Таксама Эфраім не выгнаў хананеяў, якія пражывалі ў Газэры, і хананеі жылі сярод іх у Газэры. 30 І Забулон не выгнаў жыхароў Кетрона і Наалола, і хананеі жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі. 31 Таксама Асэр не выгнаў жыхароў Акко, Сідона, Ахалаба, Ахзіба, Гэльбы, Афэка і Рагоба; 32 і жыў Асэр сярод хананеяў, жыхароў той зямлі, бо не выгнаў іх. 33 І Нэфталі не выгнаў жыхароў Бэтсамэса і Бэтаната, і жыў між хананеяў, жыхароў гэтае зямлі, і бэтсамэсцы і бэтанатцы былі ў яго прыгоннымі. 34 Амарэі павыціскалі сыноў Дана ў горы і не далі ім месца, каб пашырыцца ў даліне. 35 Амарэі жылі ў Гатары, у Аялоне і ў Салебіме. І абцяжарыла іх рука дому Язэпа, і сталіся яны яму прыгоннымі. 36 А межы амарэяў цягнуліся ад узвышша Акрабім да Петры і вышэй. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)