РЫМЛЯНАЎ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык што, скажам, здабыў наш бацька Абрагам паводле цела? 2 Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, – мае славу, але не перад Богам. 3 Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму за справядлівасць». 4 Вось жа, таму, хто працаваў, плата налічваецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці. 5 Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічваецца за справядлівасць. 6 Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог без заслугі залічвае справядлівасць: 7 «Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрыты. 8 Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху». 9 Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзання, ці таксама і неабрэзання? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць». 10 Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці; 11 і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць, 12 і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці. 13 Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры. 14 Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая і абяцанне знішчыцца. 15 Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства. 16 Таму – па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, – ён жа бацька ўсіх нас, – 17 як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», – перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым. 18 Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё». 19 І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела. 20 І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу, 21 і быў упэўнены, што Ён мае моц і здзейсніць абяцанае. 22 Таму гэта залічана было яму за справядлівасць. 23 А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму, 24 але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага, 25 Які быў выдадзены за грахі нашы і ўваскрос дзеля апраўдання нашага. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)