Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

РЫМЛЯНАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У чым жа перавага юдэяў? Або якая карысць з абразання?

2 Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана слова Божае.

3 Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх нявер’е знішчыць вернасць Бога?

4 Ніякім чынам! Бо Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты справядлівы ў прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім».

5 Калі ж наша несправядлівасць падкрэслівае Божую справядлівасць, дык што мы скажам? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? – Кажу па-чалавечы.

6 Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць свет?

7 Бо калі праз маю хлусню праўда Божая тым больш выяўляецца на славу Яго, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

8 І ці не так нас ачарняюць, ці не так гавораць, што мы кажам: «Будзем чыніць зло, каб выйшла дабро». Справядлівая кара такіх чакае.

9 Дык што? Ці мы маем перавагу? Аніякай! Ужо раней мы даказалі, што і юдэі, і грэкі – усе пад грахом,

10 як напісана: «Нікога няма справядлівага,

11 ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога.

12 Усе збочылі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

13 Горла іх – магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іх – яд змяіны,

14 вусны іх поўныя праклёнаў і горычы,

15 ногі іх скорыя да праліцця крыві,

16 знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах,

17 яны не спазналі шляху супакою.

18 Няма страху Божага перад вачамі іх».

19 А мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, гаворыць да тых, што пры законе, каб замкнуць любыя вусны ды каб увесь свет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;

20 бо ўчынкамі закону не апраўдаецца аніякае цела перад Ім; бо праз закон пазнаецца грэх.

21 Але цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад закону, аб якой сведчаць закон і прарокі,

22 справядлівасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх, што вераць. Бо няма розніцы,

23 таму што ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24 апраўданы ж дарма праз ласку Яго, праз адкупленне, якое ў Ісусе Хрысце;

25 Яго прапанаваў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Кроў Яго для выяўлення справядлівасці Сваёй, бо не стаў зважаць на папярэднія злачынствы,

26 у цярплівасці Божай: для выяўлення справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён Сам стаўся справядлівым і апраўдваючым таго, хто веруе ў Ісуса.

27 Дзе ж тады падстава для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці [законам] учынкаў? Не, але законам веры.

28 Бо мы мяркуем, што чалавек атрымлівае апраўданне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.

29 Ці ж Бог толькі юдэяў? Ці не паганаў таксама? Вядома, і паганаў,

30 адзін бо ёсць Бог, Які апраўдвае і абрэзанага з веры, і неабрэзанага – праз веру.

31 Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але закон сцвярджаем.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы