Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

РЫМЛЯНАЎ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая ёсць служкаю царквы, што ў Кенхрах,

2 каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.

3 Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,

4 якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

5 а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.

6 Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для нас.

7 Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод Апосталаў, якія перш за мяне былі з Хрыстом.

8 Прывітайце любага мне ў Госпадзе Амплія.

9 Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.

10 Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабула.

11 Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, якія ў Госпадзе.

12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.

13 Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.

14 Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Герма, Патроба, Гермія ды братоў, што разам з імі.

15 Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпа ды ўсіх святых, што разам з імі.

16 Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовы.

17 Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

18 Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.

19 Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і беззаганнымі ў ліхім.

20 Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі!

21 Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатар, сваякі мае.

22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст у Госпадзе.

23 Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

24 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы