Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

РЫМЛЯНАЎ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Мы, дужэйшыя, павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.

2 Бо кожны з нас хай дагаджае бліжняму на дабро дзеля збудавання.

3 Так і Хрыстос не дагаджаў Сабе, але як напісана: «Знявагі Цябе зневажаючых зваліліся на Мяне».

4 Бо ўсё, што было калісьці напісана, у павучанне нам напісана, каб мы праз цярплівасць і пацяшэнне з Пісання мелі надзею.

5 А Бог, Які дае цярплівасць і пацеху, хай дасць вам быць між сабой адной думкі на ўзор Ісуса Хрыста,

6 каб вы аднадушна ў адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7 Дзеля таго прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую.

8 Кажу бо, што Хрыстос стаўся паслугачом абрэзання дзеля праўды Божай дзеля таго, каб выканаць абяцанае бацькам,

9 ды каб пагане славілі Бога за міласэрнасць, як напісана: «Дзеля таго будуць славіць Цябе між паганамі і спяваць імені Твайму».

10 І далей сказана: «Весяліцеся, пагане, з народам Яго!»

11 І зноў: «Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы».

12 А Ісая таксама гаворыць: «Будзе корань Ясэя і Той, Хто паўстане, валадарыць над паганамі: у Ім пагане будуць мець надзею».

13 А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасцю і супакоем у веры, каб праз моц Духа Святога вы ўзбагаціліся надзеяй.

14 Браты мае, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, напоўненыя ўсякім веданнем, так што можаце адзін аднаго настаўляць.

15 Я, можа, вам засмела пісаў, браты, у лісце, часткова як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,

16 каб быў я паслугачом Хрыста Ісуса для паганаў, святарна абвяшчаючы добрую вестку Божую, каб ахвяра паганаў, асвечаная Духам Святым, была прынята.

17 Я маю чым пахваліцца перад Хрыстом Ісусам адносна Бога;

18 не адважуся, аднак, гаварыць пра штосьці такое, чаго не ўчыніў Хрыстос праз мяне дзеля падпарадкавання паганаў, словам і справамі,

19 моцаю знакаў і цудаў, моцаю Духа Божага, так што ад Ерузаліма і ваколіц аж да Ілірыка пашыраў я добрую вестку Хрыстову.

20 Прытым я стараўся прапаведаваць добрую вестку там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,

21 але як напісана: «Тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць, і тыя, што не чулі, даведаюцца».

22 З-за гэтага многае перашкаджала мне прыйсці да вас.

23 Цяпер, не маючы больш месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,

24 як толькі выпраўлюся ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, што, праходзячы міма, пабачу вас, і вы правядзеце мяне туды, калі перш крыху пацешуся вамі.

25 Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалім паслужыць святым.

26 Бо Мацэдонія і Ахая вырашылі зрабіць нейкую перадачу для бедных з ліку святых, што ў Ерузаліме.

27 Спадабалася бо ім, і яны – даўжнікі іх. Бо калі пагане атрымаі ўдзел у іх даброццях духоўных, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.

28 Калі гэтую справу выканаю і перадам ім плод гэты, праз вас рушу ў Гішпанію.

29 А ведаю я, што, прыходзячы да вас, прыйду ў паўнаце дабраславення Евангелля Хрыстова.

30 Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз любоў Духа, каб са мною разам памаліліся да Бога за мяне,

31 каб вызваліцца мне ад няверных, што ёсць у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай святым,

32 каб з волі Божай у радасці прыбыўшы да вас, супачыў з вамі.

33 Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы