РЫМЛЯНАЎ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога аб Ізраэлі дзеля збаўлення. 2 Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не паводле розуму. 3 Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай. 4 Бо завяршэнне закону – Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць. 5 Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае яго, будзе жыць ім». 6 А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыдзе ў неба?”, – гэта значыць Хрыста звесці, 7 або: “Хто спусціцца ў бездань?”, – гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых». 8 Але што яна кажа: «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем. 9 Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус – Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены. 10 Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі – дзеля збаўлення. 11 Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены». 12 Няма таму розніцы між юдэем і грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае. 13 Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены. 14 Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка? 15 І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі тых, якія дабравесцяць мір, абвяшчаюць добрую вестку!» 16 Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая, вось, кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?» 17 Таму вера – ад слухання, а слуханне – праз слова Бога. 18 Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх – аж да ўскрайкаў свету». 19 Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод, праз народ неразумны вас паклічу да гневу». 20 А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся». 21 Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа непаслухмянага і ўпорыстага». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)