Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 88 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Песня. Псальм сыноў Корэ. Кіраўніку хору. Паводле «Магалат». Для спеваў. Маскіль. Гемана Эзрахіта.

2 Госпадзе, Божа збаўлення майго, на працягу дня клічу, уночы малюся Табе.

3 Няхай дойдзе да Цябе малітва мая; нахілі вуха Тваё да просьбы маёй.

4 Бо напоўнілася ліхам душа мая, і жыццё маё наблізілася да апраметнай.

5 Прыпадобнены я да тых, што сыходзяць у яму, стаўся я, як чалавек без успамогі.

6 Паміж мёртвымі кінутыя, — быццам забітыя, што спачываюць у магілах; пра іх Ты больш не ўспамінаеш, і яны адсечаны ад рукі Тваёй.

7 Ты паклаў мяне ў яме глыбейшай, у цемры і ў цені смерці

8 абцяжарыў мяне гнеў Твой, і ўсе навалы Твае ўзводзіш Ты на мяне.

9 Аддаліў Ты знаёмых маіх ад мяне, закрыты я і не выйду;

10 патухлі мае вочы ад тугі. Клікаў я Цябе, Божа, цэлы дзень, выцягваў да Цябе мае рукі.

11 Ці для мёртвых учыніш цуды? Ці ж паўстануць прывіды і ці ж будуць вызнаваць Цябе?

12 Ці ў магіле будзе хто распавядаць пра міласэрнасць і пра праўду Тваю — у месцы пагібелі?

13 Ці ж будуць пазнаныя ў цемры цуды Твае, а справядлівасць Твая — у зямлі забыцця?

14 А я клікаў Цябе, Госпадзе, і раніцай малітва мая апярэдзіць Цябе.

15 Чаму, Госпадзе, адпіхваеш душу маю і хаваеш аблічча Сваё ад мяне?

16 Бедны я, набліжаюся да смерці ад юнацтва майго, перанёс я жахі Твае і стурбаваўся.

17 Нада мною пранесліся гневы Твае, і страхі Твае забілі мяне.

18 Пачалі кружыць яны каля мяне цэлы дзень, як вада, агарнулі мяне разам.

19 Аддаліў Ты ад мяне прыяцеля і блізкага, і знаёмыя мае — у цемры.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы