ПСАЛТЫР 84 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Сыноў Корэ. Псальм. 2 Якія ж мілыя паселішчы Твае, Госпадзе магуццяў! 3 Тужыць і рвецца душа мая ў палац Госпада, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся Богу жывому. 4 Нават верабей знаходзіць сабе дом і ластаўка гняздо сабе, каб уладкаваць птушанят сваіх: ахвярнікі Твае, Госпадзе магуццяў, Валадару мой і Божа мой! 5 Шчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім: век будуць яны славіць Цябе. 6 Шчасны той чалавек, у якога ёсць успамога ад Цябе; размясціў ён у душы нябесныя шляхі: 7 Праходзячы сухой лагчынаю, яны робяць яе крыніцаю, бо ранні дождж дабраславеннем зросіць яе. 8 Пойдуць яны з сілы ў сілу, убачыцца [імі] Бог багоў на Сіёне. 9 Госпадзе, Божа магуццяў, выслухай малітву маю; прыхіні вуха, Божа Якубаў. 10 Глянь, Божа, наш абаронца, ды глянь на аблічча намашчэнца Твайго! 11 Бо мілейшы адзін дзень у палатцы Тваёй за тысячу! Хачу лепш стаяць на парозе дома Бога майго, чым жыць у палатках грэшнікаў. 12 Бо Госпад Бог ёсць сонца і шчыт; ласку і славу дасць Госпад; Ён не забярэ дабра ў тых, што жывуць у бязвіннасці. 13 Госпадзе магуццяў, шчасны той чалавек, які ўскладае надзею на Цябе! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)