Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 83 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Песня. Псальм. Асафа.

2 Божа, не суцішвайся, не маўчы, не супакойвайся, Божа.

3 Бо вось, загаманілі Твае непрыяцелі, і тыя, што ненавідзяць Цябе, паднялі галовы.

4 Учыняюць яны ліхую нараду супраць Твайго народа, радзяцца супраць тых, каго Ты ўхаваў.

5 Кажуць: «Ідземце і вынішчым іх з-паміж народаў і хай не ўпамінаецца больш імя Ізраэля».

6 Бо надумляюць яны адзінадушна, супраць Цябе ўсталёўваюць пагадненне;

7 у паселішчы ідумеяў і ізмаэльцаў, маабіцян і агарэяў,

8 Гэбал і Амон ды Амалек, край Філістэя, з жыхарамі Тыра.

9 Таксама і асірыйцы здружыліся з імі і сталі паплечнікамі Лотавых сыноў.

10 Зрабі і гэтым, як зрабіў Мадыяну ці Сісару або Явіну над ручаём Кісон.

11 Яны загінулі каля Эн-Дора і сталіся гноем для зямлі.

12 З князямі іх учыні падобна, як з Арэбам і Зэбам, як з Зэбахам і Салманам і з усімі іх князямі,

13 якія сказалі: «Успадкаемім сабе пашу Божую».

14 Божа мой, зрабі іх падобнымі да кола і быццам саломінку на ветры.

15 Як агонь, што паліць лес, і як полымя, што абсмальвае горы,

16 так пераследуй іх грымотамі Сваімі і бураю Сваёй стурбуй іх.

17 Напоўні твары іх сорамам, і няхай прызываюць імя Тваё, Госпадзе.

18 Хай пачырванеюць і збянтэжацца на векі вечныя, і пасаромеюцца, і загінуць,

19 і хай спазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзін — Найвышэйшы над усёй зямлёй.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы