ПСАЛТЫР 81 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Асафа. 2 Радуйцеся Богу, Успаможцу нашаму, гучна ўслаўляйце Бога Якубава. 3 Вазьміце псалтыр і дайце бубен, мілагучныя гуслі з цытрай. 4 Трубіце ў трубы на маладзік, у поўню, у дзень свята нашага. 5 Бо ёсць пастанова ў Ізраэлі, прыказанне ў Бога Якубава. 6 Ён пастанавіў гэта, як сведчанне для Язэпа, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай; мову, якой не ведаў, пачуў ён: 7 Я вызваліў ад цяжару спіну яго, рукі яго пазбыліся каша. 8 Прызываў ты Мяне ў бядзе, і Я выратаваў цябе, пачуў цябе ў сховах навальніцы, выпрабаваў цябе пры вадзе Мэрыбы. 9 Слухай, Мой народзе, буду клікаць цябе ў сведкі: «Ізраэль, каб толькі ты паслухаў Мяне!» 10 Не будзе ў цябе бога чужога, і не будзеш ты пакланяцца богу іншаземнаму: 11 Але Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай! Адкрый вусны свае, і Я напоўню іх. 12 Але не паслухаў Мой народ голасу Майго, і Ізраэль не звярнуўся да Мяне. 13 Таму пакінуў Я іх паводле закамянеласці сэрца іх, будуць хадзіць яны ў сваіх намерах. 14 О, каб народ Мой Мяне паслухаў, каб Ізраэль хадзіў па Маіх дарогах! 15 Неўзабаве Я ўпакорыў бы непрыяцеляў яго і накіраваў бы руку Маю супраць прыгнятальнікаў яго. 16 Непрыяцелі Госпадавы ліслівілі б перад ім, і доля іх была б навечна. 17 І карміў бы Я іх адборнай пшаніцай і насычаў бы іх мёдам са скалы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)