Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 77 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Кіраўніку хору. Паводле Ідытун. Асафа. Псальм.

2 Голасам маім усклікнуў я да Госпада; голасам маім — да Бога, і схіліўся Ён да мяне.

3 У дзень бяды маёй шукаў я Бога, рукі мае ўначы працягнуты і не стамляюцца. Не захацела суцешыцца душа мая;

4 успамінаю я Бога і ўздыхаю скрушна, хвалююся, і слабее дух мой.

5 Ты пазбавіў сну павекі вока майго; быў я стурбаваны і не гаварыў нічога.

6 Падумаў я пра былыя дні і аднавіў у думках гады спрадвечныя.

7 Пачаў я разважаць уначы з сэрцам сваім, і практыкаваўся і даследаваў дух мой:

8 няўжо Бог адкіне навечна, няўжо не вырашыць, каб дагэтуль быць больш спагадным?

9 Ці ж спыніўся Ён канчаткова ў міласэрнасці Сваёй, перапыніў слова ад пакалення да пакалення?

10 Ці ж Бог забыўся мілаваць, ці ж затрымае ў гневе Сваім міласэрныя справы Свае?

11 І сказаў я: «Гэта — рана мая, перамяненне правіцы Узвышняга».

12 Буду памятаць я пра справы Госпада, буду памятаць ад пачатку пра дзівосы Твае.

13 І буду я разважаць пра ўсе справы Твае і буду практыкавацца ў вынаходніцтвах Тваіх.

14 У святасці, Божа, дарога Твая; які бог такі вялікі, як Бог наш?

15 Ты — Бог, што чыніш цуды, даў спазнаць сярод народаў магуцце Сваё.

16 Адкупіў Ты рукою Тваёй народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа.

17 Пабачылі Цябе воды, Божа, пабачылі Цябе воды і засмуціліся; між тым здрыгануліся і бездані.

18 Хмары палілі ваду, аблокі падалі голас, між тым стрэлы Твае пралятаюць.

19 Голас грому Твайго наўкола; асвяцілі маланкі Твае ўвесь свет, здрыганулася і затрэслася зямля.

20 У моры дарога Твая, і сцежкі Твае — па шматлікіх водах; і сляды Твае не пазнаюцца.

21 Ты правёў народ Твой, бы авечак, рукою Майсея і Аарона.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы