ПСАЛТЫР 74 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй? 2 Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся. 3 Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні. 4 Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі]. 5 Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары. 6 Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі. 7 Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго; 8 прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі. 9 Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе. 10 Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё? 11 Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй? 12 Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі. 13 Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах. 14 Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам. 15 Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі. 16 Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца. 17 Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта. 18 Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё. 19 Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх. 20 Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту. 21 Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё. 22 Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны. 23 Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)