Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 72 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)


1 Пра Саламона. Давідаў.

1 Пра Саламона. Давідаў. Божа, суд Твой перадай цару і справядлівасць Тваю сыну царскаму.

2 Хай валадарыць па справядлівасці над народам Тваім, а над убогімі Тваімі па законе.

3 Хай горы прынясуць мір для народа, а ўзгоркі — справядлівасць.

4 Ён судзіць будзе жабракоў народа і збавіць сыноў убогага і ўпакорыць паклёпніка.

5 Будзе жыць ён разам з сонцам і пакуль свеціць месяц у пакаленні і пакаленні.

6 Сыдзе ён, быццам дождж на траву і быццам залева, што абвадняе зямлю.

7 У днях яго зацвіце справядлівасць і паўната спакою, пакуль не пагасне месяц.

8 будзе валадарыць ад мора аж да мора і ад ракі аж да ўскрайкаў сусвету.

9 Перад ім будуць падаць жыхары пустыні, і непрыяцелі яго лізаць будуць зямлю.

10 Цары Тарсіса і вострава прынясуць дары, цары Арабаў і Сабы дашлюць яму падарункі.

11 І паклоняцца яму ўсе цары, і ўсе народы служыць яму будуць.

12 Бо ён вызваліць убогага, які прызывае яго, і беднага, у якога не было ўспаможцы.

13 Пашкадуе ён беднага і ўбогага, і душы бедных ён уратуе.

14 Уратуе ён душы іх ад прыгнёту і гвалту, і кроў іх дарагая будзе для яго.

15 Дык будзе жыць ён, і дадуць яму ад золата Арабіі, і будуць маліцца за яго заўсёды; цэлы дзень дабраслаўляць будуць яго.

16 І будзе дастатак хлеба на зямлі, закалышацца ён на вяршынях гор; быццам Лібан, плод яго, і расквітнее [насельніцтва] гарадоў, быццам трава зямлі.

17 Хай будзе дабраславёна імя яго вечна, пакуль [свеціць] сонца, будзе жыць імя яго. І будуць дабраславёныя ў ім усе пакаленні зямныя, усе народы ўзвялічаць яго.

18 Дабраславёны Госпад Бог, Бог Ізраэля, Які сам адзін творыць цуды.

19 І дабраславёнае імя велічнасці Яго навечна; і напоўніцца велічнасцю Яго ўся зямля. Хай будзе так, хай будзе!

20 Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэева.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы