Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 71 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У Табе, Госпадзе, маю надзею: не пасаромлюся навек.

2 У Сваёй справядлівасці вызваляй мяне і ратуй мяне, нахілі да мяне сваё вуха і збаў мяне.

3 Будзь для мяне скалой абароны і ўмацаваным домам, каб збавіў Ты мяне, бо Ты цвярдыня мая і прыстанішча маё.

4 Божа мой, вырві мяне з рукі грэшніка і з рукі беззаконнага і несправядлівага.

5 Бо Ты — чаканне маё, Госпадзе; Госпадзе, надзея мая ад юнацтва майго.

6 На Табе я ўгрунтаваўся ад нараджэння, з улоння маці маёй Ты апякун мой, для Цябе хвала мая заўсёды.

7 Мо дзіўным паказаўся я для многіх, а Ты — магутны Успаможца.

8 Хай напоўняцца вусны мае хвалою Тваёй, цэлы дзень — веліччу Тваёй.

9 Не адпіхай мяне ў часіну старасці; калі саслабее магуцце маё, не пакідай мяне.

10 Бо намаўлялі непрыяцелі мае на мяне і тыя, што падпільноўвалі душу маю, учынілі змову,

11 кажучы: «Бог пакінуў яго! Даганіце і схапіце яго, бо няма Таго, Хто ўратуе».

12 Божа, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшы мне на дапамогу.

13 Хай пасаромяцца і знікнуць тыя, што варожа ставяцца да душы маёй; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што шукаюць для мяне ліха.

14 А я вось буду заўсёды спадзявацца і памнажаць буду кожную хвалу Тваю.

15 Вусны мае абвясцяць справядлівасць Тваю, цэлы дзень — збаўленне Тваё, бо не ведаю ёй межаў.

16 Прыйду я да сіл Госпада; буду ўспамінаць я толькі пра Тваю справядлівасць.

17 Божа, Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, а я аж дасюль абвяшчаю цуды Твае.

18 І да самай старасці і нямогласці, Божа, не пакідай мяне, аж пакуль абвяшчаць буду пра магутную руку Тваю кожнаму пакаленню, якое прыйдзе ў будучым. Сіла Твая

19 і справядлівасць Твая, Божа, аж да вышыняў, учыніў Ты вялікія справы: Божа, хто ж падобны да Цябе?

20 Ты паказаў мне шматлікія і ліхія беды; ды зноў ажывіў Ты мяне і з бездані зямной ізноў вывеў.

21 Ты памнож велічнасць маю і, вярнуўшыся, суцеш мяне.

22 Я таксама буду вызнаваць Цябе, у псалтыры — праўду Тваю, Божа мой, спяваць псальмы Табе буду на гуслях, о Святы Ізраэльскі.

23 Радавацца будуць мае вусны, калі буду спяваць Табе, і мая душа, якую Ты адкупіў;

24 але і язык мой цэлы дзень разважаць будзе пра справядлівасць Тваю, бо пасаромяцца і баяцца будуць тыя, што шукаюць ліха на мяне.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы