Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 68 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Песня.

2 Паўстае Бог, і рассейваюцца непрыяцелі Яго; і ўцякаюць ад аблічча Яго тыя, што ненавідзяць Яго.

3 Як рассейваецца дым, Ты рассееш іх; як плавіцца воск ад агню, так згінуць грэшнікі ад Бога.

4 Справядлівыя ж будуць весяліцца і радавацца перад Богам і адчуюць асалоду ў весялосці.

5 Спявайце Богу, спявайце псальм імю Яго; учыніце дарогу Таму, Які ўзносіцца над аблокамі: імя Яму — Госпад. Усклікайце радасна перад Ім;

6 бацька сірот і суддзя ўдоў, Бог у доме Сваім святым.

7 Бог, Які селіць пакінутых у доме, Які выводзіць вязняў да дабрабыту; між тым бунтаўнікі будуць жыць на няплоднай зямлі.

8 Божа, калі ішоў Ты перад народам Тваім, калі праходзіў Ты па пустыні,

9 зямля здрыганулася, нават нябёсы струмяніліся перад Богам Сіная, перад Богам Ізраэля.

10 Выпусціў Ты, Божа, дождж самаўладна; спадчына Твая саслабела — Ты ж аднавіў яе.

11 Жывыя стварэнні Твае жылі там, падрыхтаваў Ты [усё] для беднага ў дабраце Сваёй.

12 Госпад дае слова і абвяшчаюць добрае, вялікае мноства:

13 «Цары войскаў уцякаюць, уцякаюць, а краса дому дзеліць здабычу.

14 А вы спіце ў агароджах сваіх: крылы галубіцы ззяюць срэбрам, а пер’е іх — яснасцю золата.

15 Калі разганяе па ёй цароў Усемагутны, снегам бялеецца Сэлмон».

16 Гара Божая — гара Басан, гара крутая — гара Басан.

17 Што глядзіце вы з пагардаю, горы крутыя, на гару, дзе спадабалася пасяліцца Богу? Бо Госпад паселіцца навечна.

18 Калясніц Божых дзесяць тысяч тысяч: Госпад прыходзіць з Сіная ў святое месца.

19 Узышоў ты на вышыню, палоннага прывёў у палон; атрымаў людзей у падарунак, каб нават бунтаўнікі пасяліліся ў Госпада Бога.

20 Дабраславёны Госпад штодня; панясе нас Бог збавенняў нашых.

21 Бог наш, Бог дзеля збаўлення; і ў Госпада, у Госпада — брама смерці.

22 Але ж Бог знясе галовы Сваім непрыяцелям, валасатую чупрыну — тым, хто трывае ў сваіх злачынствах.

23 Госпад сказаў: «Ад Басана прывяду назад, выведу назад з глыбіні марской,

24 каб намачылася нага твая ў крыві, каб язык тваіх сабак атрымаў кавалак ад непрыяцеляў».

25 Убачылі яны шэсце Тваё, Божа, шэсце Бога майго, Цара майго, у святое месца.

26 Наперадзе ішлі спевакі, апошнімі ідуць гусляры, у цэнтры — дзяўчаты з бубнамі.

27 У святынях дабраслаўляйце Бога, Госпада, вы, ад вытокаў Ізраэля.

28 Там маладзенькі Бэньямін, што ўладарыць імі, князі Юды з харугвай сваёю, князі Забулона, князі Нэфталі.

29 Даручы, Божа, магуццю Твайму; умацуй тое, Божа, што ты стварыў у нас!

30 У святыні Тваёй, у Ерузаліме, цары прынясуць Табе дары!

31 Напалохай звера ў трыснягу, статак быкоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зліткамі срэбра. Разгані народы, якія імкнуцца да войнаў.

32 Хай прыйдуць магнаты з Егіпта, хай Этыёпія працягне рукі свае да Бога.

33 Валадарствы зямныя, спявайце Богу, грайце Госпаду, грайце Богу.

34 Які імкнецца паўздоўж неба нябёсаў на ўсход; вось, падасць Ён голас Свой, голас магуцця.

35 Прызнайце магуцце за Богам. Вышэй за Ізраэль веліч Яго, і магуцце Яго — у аблоках.

36 Дзівосны Ты, Божа, ад святога месца Твайго! Бог Ізраэля Сам надасць магуцце і моц Свайму люду. Дабраславёны Бог!

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы