ПСАЛТЫР 59 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі Саўл паслаў мужоў, каб сцерагчы дом і забіць яго. 2 Уратуй мяне, Божа мой, ад непрыяцеляў маіх і ад тых, што паўстаюць на мяне, абарані мяне. 3 Уратуй мяне ад тых, што чыняць несправядлівасць, і ад мужоў, крывёю спэцканых, збаў мяне. 4 Бо вось, паставілі пастку на душу маю, кідаюцца на мяне моцныя. 5 Ані злачынства, ані граху на мне няма, Госпадзе; без правіннасці маёй налятаюць і рыхтуюцца [да нападу]. Прабудзіся, выйдзі мне насустрач і паглядзі. 6 І Ты, Госпадзе Божа магуццяў, Бог Ізраэля, абудзіся, каб наведаць усе народы; не будзь літасцівы да ўсіх, што ўчыняюць па-здрадніцку. 7 Яны вяртаюцца ўвечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. 8 Вось, яны выпусцяць голас з вуснаў сваіх, і меч — у вуснах іх: «Хто, — маўляў, — нас пачуе?» 9 Але Ты, Госпадзе, пасмяешся з іх; учыніш ганьбу ўсім народам. 10 Цвярдыня мая, на Цябе зважаю, бо Ты, Божа, — абарона мая. 11 Бог мой, міласэрнасць Яго апярэдзіць мяне. Бог учыніць, што буду я з пагардаю глядзець на непрыяцеляў маіх. 12 Не забівай іх, каб ніколі не забыўся народ мой; расцерушы іх магуццем Тваім і зруйнуй іх, Госпадзе, абаронца мой! 13 Грэх вуснаў іх — слова саміх вуснаў, няхай заблытаюцца яны ў пыхлівасці сваёй. З-за праклёну і хлусні, якія прамаўляюць яны. 14 вынішчы іх у гневе, вынішчы, і не будзе іх; і хай ведаюць, што Бог будзе валадарыць над Якубам да ўскрайкаў зямлі. 15 Яны вяртаюцца увечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад. 16 Бадзяюцца яны ў пошуках пажывы; калі ж яны не насыцяцца, дык выюць. 17 А я вось буду спяваць пра Тваю магутнасць і ад рання радавацца Тваёй міласэрнасці, бо стаўся Ты мне абаронай і прыстанішчам у дзень бяды маёй. 18 Цвярдыня мая, Табе буду псальмы спяваць, бо Ты, Божа, — абарона мая, Бог мой, міласэрнасць мая. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)