ПСАЛТЫР 53 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Махалат». Маскіль. Давідаў. 2 Неразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Разбэсціліся яны і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма нікога, хто б чыніў дабро. 3 Бог з неба зірнуў на сыноў чалавечых, каб паглядзець, ці ёсць такі, хто разумее або шукае Бога. 4 Усе адвярнуліся, як адзін, разбэсціліся, няма нікога, хто б чыніў дабро, няма аніводнага. 5 Ці не зразумеюць усе тыя, што чыняць несправядлівасць, тыя, што пажыраюць народ Мой, быццам лусту хлеба? Бога не паклікалі яны; 6 там трымцелі яны ад страху, дзе страху не было. Бо Бог рассыпаў косці тых, якія цябе прыгняталі; пасаромлены яны, бо Бог адцураўся іх. 7 Хто дасць з Сіёна збаўленне для Ізраэля? Калі адменіць Бог долю народа свайго, тады ўзрадуецца Якуб і ўзвесяліцца Ізраэль. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)