ПСАЛТЫР 51 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў. 2 Калі прыбыў да яго прарок Натан, пасля таго як учыніў ён грэх з Бэтсэбай. 3 Злітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасці Тваёй; і паводле мноства літасцівасці Тваёй зруйнуй правіннасць маю. 4 Яшчэ больш абмый мяне ад правіннасці маёй і ад граху майго ачысці мяне. 5 Бо я прызнаю правіннасць маю, і грэх мой заўсёды перада мною. 6 Перад Табой, перад Табой адзіным зграшыў я і тое, што ліхім ёсць перад Табою, дапусціў я. Ты справядлівы у прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім. 7 Вось жа нарадзіўся я ў правіннасці, і ў граху пачала мяне маці мая. 8 Вось жа палюбіў Ты праўду ў сэрцы і патаемна адкрыў Ты мне мудрасць. 9 Пакрапі мяне гізопам — і стану чыстым, памый мяне — і стану бялейшы за снег. 10 Дай мне пачуць пацеху і весялосць, і ўзрадуюцца косці, якія Ты паламаў. 11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і зруйнуй усе мае правіннасці. 12 Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і моцны дух аднаві ва ўлонні маім. 13 Не адганяй мяне ад Твайго аблічча і Духа Святога Твайго не адбірай у мяне. 14 Вярні мне пацеху збаўлення Твайго і самым руплівым духам узмацуй мяне. 15 Буду вучыць я збачэнцаў з Тваіх дарог, і тады бязбожнікі вернуцца да Цябе. 16 Вызваль мяне ад [віны пралітай] крыві, Божа, Божа збаўлення майго. Хай славіць радасна язык мой справядлівасць Тваю. 17 Госпадзе, адчыні вусны мае, і вусны мае стануць апавяшчаць Тваю хвалу. 18 Але ж не пацяшае Цябе ахвяра, цэласпаленне, калі прынясу яго, Табе не спадабаецца. 19 Ахвяра Богу — дух спакутаваны; сэрца стурбаванага і пакорлівага, Божа, Ты не адцураешся. 20 Будзь спагадлівым, Госпадзе, у Сваёй добразычлівасці да Сіёна, каб збудаваліся муры Ерузаліма. 21 Тады прымеш Ты ахвяру справядлівасці, прынашэнні і цэласпаленні; тады буду складаць на ахвяру Табе цялят. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)