Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 50 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Псальм. Асафа. Бог багоў Госпад прамовіў і паклікаў зямлю ад усходу сонца аж на захад.

2 З Сіёна, поўнага красы, заззяў Бог.

3 Бог наш прыйшоў і не маўчыць: агонь паглынаючы перад Ім, а вакол Яго магутная навальніца.

4 Кліча Ён зверху неба і зямлю, каб судзіць народ Свой:

5 «Збярыце да мяне святых Маіх, якія ўпарадкавалі запавет Мой праз ахвяру».

6 І абвяшчаюць нябёсы Яго справядлівасць, бо Бог ёсць Суддзя.

7 Паслухай, народзе Мой, Я буду прамаўляць! Ізраэль, Я буду сведчыць супраць цябе: «Я Бог, Я твой Бог.

8 Не буду вініць цябе за твае ахвяры, твае цэласпаленні заўсёды перада Мною.

9 Не прыму з дому твайго цялятаў ані казлоў са статкаў тваіх.

10 Бо маімі з’яўляюцца ўсе лясныя звяры, [кожная] жывёла на тысячах гор.

11 Знаю Я ўсіх паднебных птушак, і тое, што на полі варушыцца, вядома Мне.

12 Калі захачу есці, не скажу табе, бо мой увесь свет і ўсё, што яго запаўняе.

13 Ці ж буду Я есці мяса валовае або піць кроў казліную?

14 Складай ахвяру Богу на хвалу і перадавай твае малітвы з абяцаннямі Найвышэйшаму».

15 А тады пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш ганараваць Мяне.

16 Грэшніку ж кажа Бог: «Чаму ты распавядаеш прыказанні Мае і прымаеш запавет Мой у вусны?

17 Ты ж ненавідзіш павучанне і адкідаеш словы Мае назад.

18 Убачыўшы злодзея, ты бяжыш разам з ім і з распуснікамі ты дружыш.

19 Вусны свае распускаеш ты на непрыстойнасці, і язык твой пляце хітрыкі.

20 Седзячы, гаварыў ты супраць брата твайго і зневажаў сына маці тваёй.

21 Гэтак ты чыніш, а Я маўчу. Ці не думаеш ты, што Я быў падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе, і адкрыю гэта [ўсё] перад табою.

22 Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога; калі схаплю вас Я, то не будзе каму вас ратаваць.

23 Хто складзе ахвяру хвалы, уславіць Мяне; таму, хто беззаганны на шляху [сваім], пакажу Я збаўленне Божае».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы