ПСАЛТЫР 45 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. На мелодыю “Лілія”. Сыноў Корэ. Маскіль, вясельная. Песня кахання. 2 Вымавіла сэрца маё добрае слова, распавядаю я пра творы мае цару; язык мой — пяро пісара, які спрытна піша. 3 Прыгажэйшы ты выглядам між сыноў людскіх, разлілася ласка на тваіх вуснах, таму дабраславіў цябе Бог павечна. 4 Прыперажы меч твой да паясніцы тваёй, о наймагутнейшы, — гонар твой і красу! 5 У красе тваёй выйдзі наперад, узыдзі на калясніцу дзеля праўды, літасцівасці і справядлівасці, і хай кіруе табою мужная твая правіца, 6 народы падаюць перад табою. Стрэлы твае вострыя — у сэрцы ворагаў цара. 7 Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго. 8 Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасці больш за супольнікаў тваіх. 9 Міра, алой і касія — на ўсёй адзежы тваёй, з дамоў слановай косці лютні весяляць цябе. 10 Царскія дочкі — сярод скарбаў тваіх; стаіць царыца праваруч цябе, прыбраная ў золата з Афіра. 11 Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькоў тваіх, 12 цар прагне прыгажосці тваёй. Паколькі ён — валадар твой, пакланіся яму. 13 Дачка Тыру — з падарункамі, багацеі з народа шукаюць у цябе ласкавасці. 14 Надзвычайна славутая дачка цара — унутры, агорнутая залатымі тканінамі. 15 У шматколернай вопратцы прыводзяць яе да цара; дзевы, яе сяброўкі, следам за ёй ідуць да цябе. 16 Ідуць яны ў весялосці і радасці, прыводзяць іх у дом цара. 17 Месца тваіх бацькоў зоймуць твае сыны, установіш ты іх князямі над усёй зямлёй. 18 Я зраблю памятным імя Тваё з роду ў род, і дзеля таго вызнаваць Цябе будуць народы вечна і на векі вечныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)