Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 44 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Маскіль.

2 Божа, на свае вушы мы пачулі; нашы бацькі нам расказалі пра справу, якую ўчыніў Ты ў дні іх, у дні даўнейшыя.

3 Ты рукой Тваёю прагнаў паганаў і насадзіў іх, вынішчыў народы і памножыў іх.

4 Бо яны не сваім мячом завалодалі зямлёю і не іх плячо збавіла іх, а Твая правіца, і плячо Тваё, і святло аблічча Твайго, бо Ты іх узлюбіў.

5 Ты — Валадар мой і Бог мой, Які даруеш збаўленне Якубу.

6 З Табою мы праганялі непрыяцеляў нашых і ў імя Тваё стапталі паўстаючых супраць нас.

7 Бо не ў сваім луку я ўпэўнены быў, і не меч мой збаўляў мяне.

8 Але Ты збавіў нас ад нападнікаў нашых і тых, што ненавідзелі нас, Ты пасарамаціў.

9 Цэлы дзень мы будзем пахваляцца Богам і будзем вызнаваць імя Тваё вечна.

10 Цяпер жа адпіхнуў Ты нас і пасарамаціў нас і не будзеш выступаць, Божа, побач з дабрадзейнасцямі нашымі.

11 Павярнуў Ты нас на ўцёкі перад непрыяцелямі нашымі; і тыя, што ўзненавідзелі нас, разрабавалі для сябе.

12 На ўбой выдаў Ты нас, быццам авечак, ды між народаў расцерушыў Ты нас.

13 Народ Свой прадаў Ты за марную плату і не шмат здабыў Ты, прадаўшы яго.

14 Ты выставіў нас на ганьбу нашым суседзям, на пагарджанне і на пасмешышча тым, што жывуць навокал нас.

15 Ты выставіў нас, як прыказку між паганамі, на пагардлівае ківанне галавою між народамі.

16 Няслава мая цэлы дзень перада мною, і сорам твару майго агарнуў мяне

17 ад голасу таго, хто ўпікае мне і ўзводзіць паклёп на мяне, ад аблічча непрыяцеля і ката.

18 Усё гэта найшло на нас, мы, аднак, не забыліся пра Цябе і не ўчынілі несправядлівасці ў адносінах да запавету Твайго.

19 Усё ж не адступілася назад сэрца наша і ногі нашыя не збочылі са сцежкі Тваёй;

20 але Ты ўпакорыў нас у месцы лісіным і прыкрыў нас ценем смерці.

21 Калі б мы забыліся імя Бога нашага і калі б працягнулі рукі да боства чужога,

22 ці ж бы Бог не спытаў бы з нас за гэта? Ён жа пазведаў таямніцы сэрца.

23 Бо дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз.

24 Прабудзіся, чаму дрэмлеш, Госпадзе? Прачніся і не пакідай [нас] да канца!

25 Чаму адварочваеш аблічча Сваё, забываешся пра гора наша і бяду нашую?

26 Бо ўпакорана ў попеле душа наша, цесна звязана з зямлёю чэрава наша.

27 Паўстань, Госпадзе, падтрымай нас і адкупі нас дзеля міласэрнасці Тваёй.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы