ПСАЛТЫР 41 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. 2 Шчасны той, хто спачувае няшчаснаму. У дзень ліхі вызваліць яго Госпад. 3 Госпад ухавае яго і ажывіць яго, і шчасным зробіць яго на зямлі, не аддасць яго на волю непрыяцеляў яго. 4 Госпад прынясе яму ўспамогу на ложа пакуты яго; Ты перавернеш яго пасцель у немачы яго. 5 Кажу я: «Госпадзе, пашкадуй мяне, ацалі душу маю, бо зграшыў я Табе!» 6 Непрыяцелі мае ліха кажуць пра мяне: «Калі ж памрэ ён і калі прападзе імя яго?» 7 І калі хто прыходзіць наведаць мяне, то кажа ўсякія недарэчнасці. Сэрца яго збірае сабе правіннасці, і, выйшаўшы вонкі, ён пачынае плявузгаць. 8 Поруч усе непрыяцелі мае шэпчуць супраць мяне, яны задумваюць усякае ліха супраць мяне: 9 «Сурокі прычапілася да яго», або: «Той, хто хворы залёг, той не здолее падняцца». 10 Але нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць мяне. 11 Ты ж, Госпадзе, злітуйся з мяне і абудзі мяне, і аддам я ім. 12 Па тым пазнаю я, што Ты спагадаеш мне, калі не будзе смяяцца непрыяцель мой з мяне. 13 Ты падтрымаў мяне дзеля бязвіннасці і паставіў мяне перад Табою навек. 14 Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, ад веку і аж да веку. Хай жа будзе, хай будзе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)