ПСАЛТЫР 40 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. 2 Чакаючы, дачакаўся я Госпада, і Ён схіліўся да мяне. 3 І выслухаў лямантаванне маё, і вывеў мяне з долу пакуты і з балоцістай багны; і паставіў Ён на камень ногі мае і ўмацаваў хаду маю. 4 У вусны мае ўклаў Ён песню новую, песню Богу нашаму. Убачаць многія і спалохаюцца, і будуць мець надзею ў Богу. 5 Шчасны чалавек, які спадзяванне сваё ўсклаў на Госпада і не зважае на ганарыстых ды тых, што схіляюцца да маны. 6 Безліч учыніў Ты, Госпадзе, Божа мой, цудаў Тваіх, што ж да Тваіх задум аб нас — то няма таго, хто б быў падобны да Цябе. Калі захачу я абвясціць і ўчыніць прамову, яны памножацца звыш меры. 7 Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела мне прыгатаваў. Цэласпалення нават за грэх не патрабаваў Ты, 8 тады сказаў я: «Вось, іду; на пачатку кнігі напісана пра мяне. 9 Захацеў я, Божа мой, выканаць волю Тваю; і закон Твой — у сэрцы маім». 10 Расказаў я пра справядлівасць Тваю ў вялікай святыні; вось, вусны мае не буду стрымліваць я; Госпадзе, Ты зведаў. 11 Справядлівасці Тваёй не хаваў я ў сэрцы маім, расказаў пра праўду Тваю і збавенне Тваё. Не хаваў я міласэрнасці Тваёй і праўды Тваёй у вялікай святыні. 12 Ты ж, Госпадзе, не аддаляў літасцей Тваіх ад мяне; міласэрнасць Твая і праўда Твая заўсёды падтрымліваюць мяне, 13 бо ліха з усіх бакоў абступіла мяне, і няма яму вылічэння; аблыталі мяне правіннасці мае, і не здолеў я ўбачыць [іх]. Сталася іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне. 14 Зрабі ласку, Госпадзе, каб вырваць мяне; Госпадзе, паспяшайся, каб падтрымаць мяне. 15 Хай пасаромяцца і збянтэжацца ўсе тыя, хто шукаюць душу маю, каб забраць яе. Хай павернуцца назад і хай пачырванеюць тыя, што жадаюць мне ліха. 16 Хай аслупянеюць ад сораму свайго тыя, што кажуць мне: «Добра, добра!» 17 Хай жа радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе тыя, што шукаюць Цябе і кажуць заўсёды: «Хай узвялічыцца Госпад», — тыя, што любяць збаўленне Тваё. 18 А вось я няшчасны і бедны; але Бог рупіцца пра мяне. Ты — Успаможца мой і Вызваліцель. Божа мой, не марудзь. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)